Ці запусцяць завод беленай цэлюлозы?



У Светлагорску адбылася нарада прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы па праблематыцы завода беленай цэлюлозы, які пагражае экалагічнай сітуацыі ва ўсім рэгіёне.

У нарадзе ўзялі ўдзел сябры Беларускай Партыі Зялёныя, Партыі БНФ і Беларускай партыі левых «Справядлівы Свет», якія ўжо колькі гадоў супрацьстаяць будаўніцтву прадпрыемства.

Пад час будаўніцтва былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні тэхналогіі будаўніцтва завода, што робіць яго яшчэ больш небяспечным у будучыні, гаворыць адзін з удзельнікаў нарады ад БПЗ Юрый Ляшэнка:

— На слыху бытуе меркаванне, якое ўжо мусіруецца сярод кіраўніцтва розных прадпрыемстваў пра тое, што ўсё ж есць надзея, што гэты завод не запусцяць, бо там мноства парушэнняў. Гэты завод ужо напалову разрабаваны, але яго хочуць запусціць. Справа знаходзіцца пад асабістым наглядам высокага чыноўніка Сямашкі, ён сюды часам па два разы ў тыдзень прылятаў і тупаў нагамі: хутчэй, хутчэй. А апошнім часам ён прыціх.

Удзельнікі сустрэчы дамовіліся актывізаваць свае высілкі пасля заканчэння выбарчай кампаніі, якая расцягвае сілы актывістаў. У сітуацыі, калі завод ужо фактычна стаіць, галоўнай задачай вызначана змаганне за змену тэхналагічнага працэсу, які выкарыстоўваецца ў час адбельвання цэлюлозы, на экалагічна чысты і бяспечны для навакольнага асяроддзя.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя