Ці заробіць Беларусь на адукацыйных паслугах?



Каля 20 тысяч замежных студэнтаў пачалі навучальны год у беларускіх ВНУ і тэхнікумах.

студэнты

Гэтая лічба фактычна падвоілася за мінулыя 5 гадоў за кошт студэнтаў з Туркменістану, якія складаюць палову ад усіх замежных студэнтаў.

Улады Беларусі спрабуюць зарабіць на аказанні адукацыйных паслуг, спадзеючыся, што адносна невялікія выдаткі на пражыванне і навучанне прыцягнуць замежных студэнтаў. Аднак невысокая якасць і самаізаляцыя беларускіх універсітэтаў могуць адштурхнуць замежнікаў ад Беларусі, — мяркуе галоўны рэдактар інтэрнэт часопіса «Ідэя» і дырэктар па развіцці Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня:

— Пераважна студэнты, якія прыязджаюць у Беларусь — гэта студэнты з Туркменіі, якія складаюць палову замежных студэнтаў. Таксама шмат людзей ёсць з Кітаю,  Расеі, і ў прынцыпе са шмат якіх краінаў. Але палова, то бок асноўная частка, гэта студэнты з Туркменістану. Яны навучаюцца ледзь не на ўсіх спецыяльнасцях, але асноўную перавагу аддаюць факультэту міжнародных адносінаў, эканомікі і філалогіі. Звычайна яны навучаюцца ў беларускім дзяржаўным універсітэце, які прыцягвае найбольш замежных студэнтаў у Беларусі.

РР: Многія краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы змагаюцца за тое, каб прыцягнуць студэнтаў. Як Беларусь выглядае на гэтым фоне? Наколькі яна прывабная для замежных студэнтаў па-за Туркменістанам, Расеяй і Кітаем?

Рыгор Астапеня: Прывабнасць беларускай адукацыі даволі абмежаваная, бо беларуская адукацыя застаецца даволі нізкага роўню. Калі паглядзець на рэйтынгі ўніверсітэтаў, дык літаральна ўчора апублікавалі новыя звесткі па рэйтынгах універсітэтаў, і ў Беларусі толькі адзін універсітэт належыць на 500 найлепшых, і гэта БДУ. Таксама ў нас няма набліжанасці да міжнародных стандартаў, бо не ўсе беларускія дыпломы прызнаюцца на Захадзе. Таму, напрыклад, людзі, якія ў Беларусі навучаліся 5 гадоў, пасля не могуць паступіць у аспірантуру на Захадзе, а павінны паступаць у магістратуру. У нас мала заняткаў на ангельскай мове і безумоўна праблема ў тым, што ў Беларусі няма замежных лектараў, якія б прыязджалі ў краіну выкладаць. Усё гэта ўплывае на агульны імідж адукацыі, бо яна застаецца даволі ізаляванай.  

РР: Чаму гэтая ізаляцыя прысутнічае? Ці гэта праблемы бюракратычныя ці ўсё ж ментальныя, што не разумеюць патрэбы запрашэння тых жа замежных лектараў ці выкладання на ангельскай мове?

— Мне падаецца, што абедзве праблемы прысутнічаюць. З аднаго боку мы бачым, што сапраўды існуе вельмі бюракратызаваная сістэма, калі трэба рыхтаваць вялікую колькасць дакументаў. У параўнанні напрыклад з тым, як гэта выглядае ў Польшчы, у прыватных вучэльнях. Там трэба куды менш натарыяльна завераных дакументаў, абавязкова трэба  праходзіць медагляд у Беларусі. Плюс яшчэ праблема ў тым, што замежныя студэнты не маюць права працаваць і гэта таксама адштурхоўвае шмат людзей, якія хацелі б самі атрымліваць нейкі ўжо працоўны досвед. Калі ж казаць пра нейкія ментальныя рэчы, дык безумоўна існуе праблема ў тым, што беларуская адукацыя абсалютна ізаляваная. Гэтая праблема замінае многім выкладчыкам дастасоўвацца да сучаснага свету. Мы бачым, што не так шмат маладых людзей выкладае, што ўзровень выкладання ў Беларусі даволі нізкі, таму ўніверсітэты не прыцягваюць найлепшых выкладчыкаў, якіх маглі б прыцягваць. Тое ж датычыць міністэрства адукацыі ці кіраўніцтва ўніверсітэтаў. Такім чынам паўстае сістэма, якая не настолькі прывабная для замежнікаў, якай магла б быць.

РР: Многія чакалі і спадзяваліся, што Балонская сістэма, у якую ўвайшла Беларусь зусім нядаўна, неяк паўплывае. Ці нейкія змены заўважныя і навошта  гэта было ўладам Беларусі, калі нават само ўступленне ў Балонскі працэс незаўважнае?

— Здаецца, што ўлады Беларусі паволі пачынаюць  інтэрнацыяналізаваць уласную сістэму адукацыі і мы бачым тое, што больш беларускіх студэнтаў атрымліваюць магчымасць навучацца за мяжой, згодна з новай дзяржаўнай праграмай, прынятай для развіцця адукацыі, нават закладзены сродкі на тое, каб беларускія выкладчыкі вывучалі ангельскую мову. То бок нейкія паступовыя змены ёсць, хоць яны маглі быць большымі, калі б беларускія ўлады не сімулявалі далучэння да Балонскага працэсу, а сапраўды хацелі куды больш імкліва ў ім развівацца. Варта таксама будзе глядзець на тое, як будзе зменены Кодэкс аб адукацыі, які цяпер распрацоўваецца ў Міністэрстве адукацыі. Шмат у чым гэты новы Кодэкс пакажа, наколькі Беларусь хоча сапраўды стаць часткай Балонскага працэсу не фармальна, а фактычна.

РР: Цяпер, як Вы самі адзначылі ў артыкуле на «BerarusDigest», колькасць студэнтаў вырасла. Ці надалей гэтая колькасць будзе расці паводле Вас і што трэба зрабіць, каб яна расла? Бо гэта, як вядома, жывыя грошы для ўніверсітэтаў.

— Мне падаецца, што пакуль улады Беларусі знайшлі для сябе пэўную нішу ў выглядзе туркменскіх студэнтаў, і здаецца, што гэтая лічба сапраўды можа яшчэ расці, але тут ёсць пэўныя абмежаванні, бо не так шмат маладых людзей у Туркменістане. Таму ўладам Беларусі трэба інтэрналізоўваць адукацыю, павышаць яе якасць, шукаць выйсце на іншыя краіны, каб прыцягваць адтуль студэнтаў. Каб беларуская адукацыя стала сапраўды прывабнай.

Летась Беларусь апошняй у Еўропе далучылася да Балонскага працэсу, цяпер у краіне распрацоўваецца новы кодэкс аб адукацыі. Некаторыя эксперты спадзяюцца, што гэты дакумент дасць штуршок да якасных зменаў у беларускай вышэйшай адукацыі.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя