Цягнік Гародня-Кракаў: кошты і расклад



Міжнародны цягнік Гародня-Кракаў пачне курсаваць ужо з 4 верасня. Фінансаваць дадзены чыгуначны кірунак будзе польскі бок.

Цягнік, які доўгі час ездзіў у суседнюю краіну, адмянілі яшчэ ў 2015 годзе з-за таго, што сродкаў на фінансаванне дадзенага кірунку ў польскага прыгранічнага рэгіёна не было. Праблему доўга вырашалі на агульнакраёвым роўні, бо цягнік, які звязваў бы дзве краіны, быў вельмі важны для жыхароў памежных тэрыторый.

У рэшце рэшт было вырашана, што новы цягнік па старым маршруце будзе хадзіць не толькі да Кузніцы, як раней, але і да Кракава. Фінансавацца ён будзе за кошт польскага Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва. Там расказалі пра дэталі:

«Так, новы цягнік кампаніі Intercity SA пачне хадзіць па маршруце Гародня-Кракаў і назад ўжо з 4 верасня 2016 года. Да першага пункта на тэрыторыі Польшчы Кузніцы можна будзе дабрацца за 38 хвілін. У Беластоку цягнік будзе праз 2 гадзіны 36 хвілін, у Варшаве — праз 6 гадзін, а ў Кракаў ён прыбывае праз 8 гадзін 32 хвіліны», — распавяла прэс-сакратар Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва Эльжбэта Кісіль.

Таксама ў міністэрстве паведамілі і пра цэны на квіткі. Так, да Кракава квіток будзе каштаваць 21,40 еўра, а да Кузніцы — 6,10.

Дзеці да чатырох гадоў могуць ехаць задарма. Для дзяцей да 12 гадоў вызначаны ільготны праезд. Таксама ёсць адмысловая прапанова для ўладальнікаў Карты паляка — кошт праезду з Гародні да Кузніцы для гэтай катэгорыі грамадзян будзе складаць 4 еўра.

паводле tut.by

Расклад цягніка Гародня – Беласток – Варшава – Кракаў:

Гародня 15:32

Кузніца 15:10 (прыбыццё), 16:14 (адпраўленне)

Беласток 17:08

Варшава 20:15

Кракаў 23:04

Зваротны шлях:

Кракаў 04:46

Варшава 07:32

Беласток 10:36

Кузніца 11:31 (прыбыццё), 12:44 (адпраўленне)

Гародня 14:22

Час мясцовы, летні расклад. Польскі цягнік, які абслугоўвае маршрут да Гародні, упершыню будзе мець камфартабельныя вагоны купэйнага тыпу з сядзеннямі – мяккімі месцамі.

Беларускае Радыё Рацыя