Цягніком з Вільні ў Пінск



Павольна цягнік пакідаў колішнюю сталіцу Вялікага Княства Літоўскага і рухаўся на Палессе ў самую глыбіню краіны багнаў. Месяц як развязана Другая Сусветная вайна. Саветы ўжо занялі былыя “крэсы” Польшчы – Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Пра ўсе гэтыя падзеі ў перапоўненым цягніку разважае палескі хлапец Фёдар Одрач.

У той год ён скончыў Віленскі ўніверсітэт, меў намер затрымацца ў Літве, але трагічныя падзеі клічуць у родныя мясціны. Бальшавікі ўвайшлі ў літоўскую сталіцу, але Фёдар паспявае ўскочыць ў цягнік Вільня-Лунінец.

Фёдар Одрач украінамоўны пісьменнік, які нарадзіўся ў Мясяцічах, што ў 25 кіламетрах на поўдзень ад Пінска. Свае думкі пра восень 1939 года і тое, што давялося ўбачыць на ўласныя вочы дэталёва зафіксаваў у нататках. Пасля склаў з іх аповяды, якія сёння даюць магчымасць здзейсніць гістарычнае падарожжа ў восеньскі вір 1939 года.

Гэта не ўспаміны, гэта канкрэтныя факты з літаратурнай апрацоўкай. Некаторыя прозвішчы аднавяскоўцаў і сяброў змененыя, бо вядома ў які час пісаў і не хацеў нашкодзіць. Одрач перадае перажытае максімальна аб’ектыўна, так, як усё рабілася: прыход бальшавікоў, выбары дэлегатаў на сходы ў Беласток і Львоў, агітацыя палешукоў за далучэнне да УССР і адпаведна БССР, размовы з тымі агітатарамі, і наканец нядоўгае першае панаванне бальшавікоў на Піншчыне да прыхода нацыстаў.

 ciagn1

Вільня ў сярэдзіне 1930-х гадоў

Развага пра Максіма Танка і моладзь Вільні

Вочы яго былі звернутыя на ўсход – спадзяваўся ён шмат ад бальшавікоў…”, – так Одрач піша пра класіка беларускай літаратуры Максіма Танка. Ён не разумее, чаму той чакаў і сустракаў Чырвоную Армію. Дадае:“Нават сядзеў за камунізм у Лукішках (вядомая літоўская турма, знаходзіцца ў цэнтры Вільні, – аўт.). Праўда, яго суд апраўдаў і гэта паказала, што ён не належыў да падпольных актывістаў”. Маецца на ўвазе да тэрарыстычных груп.

Сапраўды Максім Танк удзельнічаў у камуністычным руху, як і шмат іншых беларусаў Віленшчыны. У гэтам няма нічога дзіўнага. Ганебную Рыжскую дамову 1921 года, па якой штучна падзялілі Беларусь на два кавалкі, не прызналі ў беларускім асяроддзі. Прычым, як нацыянальна арыентаваныя дзеячы, так і левых поглядаў. Усе шчыра імкнуліся да ўз’яднання. Канечне, метады былі розныя. Хтосьці глядзеў у бок чырвонай Масквы, хтосьці спадзяваўся на заходнія краіны і самую Польшчу. Дарэчы, многія чальцы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), як і іншых больш-менш прасавецкіх арганізацый, сталі ледзь не першымі ахвярамі сталінізма.

Уразіла Одрача віленская моладзь, а дакладней іх учынак, які апісаны наступна:“Адзінкі моладзі паспрабавалі абараніць „гонар горада” – ўцягнулі на гару дзве гарматы і некалькі кулямётаў. Гарматы „адгукнуліся” адзінкавымі стрэламі, кулямёты прарэзалі пустэчу над дахам Вялікай Пагулянкі. А бальшавіцкія танкі ўварваліся ўжо ў гэтую Вялікую Пагулянку і моладзь знікла ўначы…”.

Палешуку давялося прайсціся па вуліцах ужо савецкай Вільні. Танкі, лозунгі, чырвоныя сцягі не столькі прыцягвалі ўвагі, як маскоўская гаворка, словы “таварыш”, “камуніст”. Одрач занатаваў, што некаторыя гараджане наўпрост не разумелі, чаго чакаць ад чырвоных расейцаў, маўляў, усё ж з царскімі неяк магчыма было дамовіцца, а гэтыя пэўна з іншага цеста. Лякалі і стрэлы, часам кулі свісцелі над галавой. У нашага героя ўсё больш паўставала пытанне, як пакінуць гэты горад.

ciagn2

Фёдар Одрач (1912-1964) і Максім Танк (1912-1995)

Чаму рознае стаўленне да бальшавікоў?

Фёдар Одрач і Максім Танк з аднаго – 1912 года, толькі палешук на паўгады старэйшы. Але чаму настолькі рознае стаўленне да савецкай улады? Одрач з дзяцінства атрымаў антыбальшавіцкую прышчэпку ад бацькоў, аднавяскоўцаў і мясцовага святара. На жаль, многія беларускія дзеячы разумелі сутнасць савецкага ладу з цягам часу, калі апынуліся ў ім, сутыкнуліся вочы ў вочы.

Родныя Мясяцічы ў 1918-1919 гадах былі ў цэнтры Палескага паўстання, тут то прыходзілі немцы, то бальшавікі ці таварышы, якія спачуваюць і падзяляюць ідэалы “Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі”. Гэта ўсё прымушала гуртавацца вяскоўцаў і адкідваць усё новае. Акрамя таго святар Іаан, у свецкім жыцці палкоўнік Іван Кірдан, распавядаў жахі Грамадзянскай вайны. Паходзіў той Кірдан з Чаркас (Украіна), у 1917 годзе далучыўся да барацьбы супраць бальшавікоў. Разам са старэйшым сынам удзельнічаў у белым руху, на жаль, бацьку давялося пахаваць пасля аднаго з баёў.

Пасля паразы белагвардзейцаў Кірдан блукаў па Украіне, шукаючы прытулку. Дадому шляху няма, бо там жонка Алена Дзмітрыеўна і 8 дзяцей, якіх нельга падстаўляць пад рэпрэсіі. Напачатаку 20-х гадоў, дабраўся ў Заходнюю Беларусь на Пінскае Палессе ў вёску Мясяцічы. На той момант святара не было і жыхары пагадзіліся, каб афіцэр узяў на сябе абавязкі настаяцеля.

Увогуле не варта забываць, як палешукі бачылі свет. Пра гэта добра напісаў даследчык, фалькларыст Дзмітрый Булгакоўскі. У канцы ХІХ стагоддзя ён пісаў: „сярод балот, рэк і лясоў жывуць палешукі, ў якіх свая філасофія, светапогляд, культура, абрады. Яны не хочуць інтэграцыі, іх архаічны ўклад цалкам задавальняе, усё, што далей Палесся выклікае недавер альбо ўспрымаецца з насмешкай. Менск называюць “паганай Літвой”, а сябе не людзьмі, а пінчукамі”.

ciagn3

Дэманстрацыя за савецкую ўладу

Як палешукі сутыкнуліся з назойлівасцю бальшавікоў

Сельскае насельніцтва Палесся стала перад цалкам новай з’явай – пастаяннай сустрэчай з уладай. Яшчэ перад Першай Сусветнай вайной паляшук вельмі рэдка сустракаўся з царскімі прадстаўнікамі ўлады, прыставамі або валаснымі чыноўнікамі. За польскім часам, па старой звычцы, паляшук, як правіла, ўхіляўся сустракацца з паліцэйскімі, гміннымі работнікамі і таму падобнае. Словам – далей ад улады! І былая царская „улада”, або больш позняя, польская, і не лезлі без патрэбы на сяло. З’яўленне польскага паліцэйскага ў сяле выклікала жахлівую сенсацыю. Наш селянін стагоддзямі знаходзіцца пад чужой уладай, арганічна не любіць гэтай улады і адчувае сябе кепска, калі ўлада наведвае яго роднае сяло”, – напісаў Фёдар Одрач.

Наколькі моцныя і дакладныя словы пісьменніка! У верасні 1939 года, калі Чырвоная Армія заняла Заходнюю Беларусь і Украіну пачынаецца актыўная дзейнасць партыйных работнікаў, па сёлах раз’язджаюць агітатары, спешна фармуюцца сельскія, раённыя і гарадскія Саветы, партыйныя структуры. З усіх бакоў – ўлада, партыя і камсамол.

ciagn4

Стагі сена ў вёсцы Хрысцібалавічы, што побач Мясяціч. Фота 1934 года Луізы Арнер Бойд.

Пінск усё той жа, але шмат таварышаў

„Яшчэ ў цягніку ад станцыі да станцыі Одрач заўважае, што праваднікі і кантралёры ў польскай форме, але большасць спрабуе на ломанай расейскай размаўляць, вітацца ў камуністычным духу. Ва ўсіх у кішэнях злотыя і польскія пашпарты, ды і размоў больш пра лёс Польшчы, нібы не разумеюць, што той Польшчы ўжо канец.” Такі малюнак пісьменнік назірае і ў Пінску. “Старыя” грошы і пашпарты пачнуць мяняць на савейцкія толькі ўлетку 1940 года.

Горад над Пінай Чырвоная Армія заняла ўвечары 21 верасня 1939 года. Праз пяць дзён гараджане даведаліся пра сфарміраванае Часовае гарадское ўпраўленне. У яго кіраўніцтва ўвайшлі мясцовыя камуністы, якіх каардынавалі таварышы з цэнтра. Кіраванне падзялялася на аддзелы: прамысловы, фінансавы, адукацыі, харчавання, сувязі і г.д. Для дапамогі новым уладам з пінчукоў сфармавалі Атрад рабочай гвардыі.

Вострай праблемай стала арганізацыя харчавання. Пінск ратавалі пастаўкі з СССР: у снежні 1939 года ў горад завезлі звыш 60 тон цукру, розных круп, 240 тон солі і 110 тон газу. Праблему беспрацоўя вырашылі за кошт грамадскіх работ і выплаты сацыяльнай дапамогі. Са снежня 1939 года пачаўся працэс нацыяналізацыі маёмасці і зямель у так званых “ворагаў”. Нягледзячы на тое, што масавыя дэпартацыі рэпрэсаваных пайшлі ў лютым 1940 года, на жаль, першыя нявінныя ахвяры з’явіліся з прыходам саветаў.

ciagn5

 Галасаванне за дэлегатаў на Народны Сход у Беласток

Кульмінацыя. Каб нас вошы не загрызлі

Для таго, каб на заканадаўчым узроўні замацаваць далучэнне Заходняй Беларусі да БССР і, адпаведна, Заходняй Украіны да УССР, у Крамлі вырашылі правесці Народныя Сходы ў Львове і ў Беластоку. Як вядома, у 1939 – 1944 гадах Беласток быў у складзе БССР і з’яўляўся абласным цэнтрам.

1 кастрычніка 1939 года Палітбюро ЦК ВКП (б) прыняло пастанову “Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны”, якім абавязвалі склікаць Украінскі і Беларускі Народныя Сходы. 22 кастрычніка прайшлі выбары ў Народны Сход, абрана 929 дэпутатаў. Ужо праз тыдзень дэпутаты засядалі ў Беластоку, дзе прынялі дэкларацыю аб устанаўленні Савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, канфіскацыі памешчыцкіх зямель, нацыяналiзацыi банкаў і буйной прамысловасці. Акрамя гэтага, папрасіліся ў склад СССР і БССР.

Была нядзеля, калі ў царкве ўжо білі званы на “Верую”, на пляцоўцы, пасярод вёскі, стаяла ўпрыгожаная трыбуна, на якой былі расцягнутыя транспаранты. Учарашніх агітатараў ужо не было, затое прамаўлялі новыя. Памятаю, з прозвішчам Левікаў. Першыя казалі дрэнна, картавячы і перапляталі свае словы лозунгамі. Трэцім па чарзе казаў Левікаў. Ён не выкрыкваў “ура, таварышы”, затое слова ў яго было дакладнае, казаў па-мастацку. Левікаў, канешне, гаварыў па-расейску, але казаў бліскуча і пераканаўча. Мне было нават дзіўна, што такога прамоўцу даслалі ў забітыя палескія сёлы; яму б казаць дзесьці ў горадзе, людзям адукаваным…” – занатаваў Одрач.

Дарэчы пісьменнік не пакідае па-за ўвагай агітатараў. Паводле яго слоў, з’яўленне такой групы станавілася цэлай праблемай для сялян. Гэтых “гасцёў” трэба было частаваць ды самым жа лепшым, як кажуць, сам не ясі, а яму дай. Таксама нельга чаго не таго прамовіць, бо могуць данесці куды трэба. Сапраўднае выпрабаванне.

Пасля бальшавіка-прафесіянала Левікава слова ўзяў кандыдат на Сход у Беласток, недзе 50-гадовы селянін з суседняй вёскі, таварыш Іван Дубойчык:

Людкове! Так і выратавалі нас ад памешчыкаў! І вось, калі б нас не выратавала Чырвоная Армія, то і вошы нас загрызлі б ад галечы і польскія паны нас і голадам замарылі б!”, – цытуе словы кандыдата Одрач.

Безумоўна Палескае ваяводства жыло бядней, чым астатнія рэгіёны міжваеннай Польшчы, але значна лепш, чым дагэтуль. Увогуле польская дзяржава пачала займацца рэформамі на Палессі ў сярэдзіне 1930-х гадоў, літаральна за 5 год да ўзгаданых падзей. Прынамсі сваю гаспадарку селянін меў, якую страціў дзякуючы сталінскай калектывізацыі. Страціла сялянства і свабоду перасоўвання, права выбару, магчымасць гандлю і веравызнання.

ciagn6

Удзельнікі агітацыйнага мітынгу, які заклікае на выбары

Трохі пра самаго Фёдара Одрача

Сапраўднае прозвішча Шаламіцкі (1912-1964). Пасля вяртання з Вільні працаваў настаўнікам і рэдактарам у рэгіянальных газетах Пінска і Ковеля. У часы Другой Сусветнай вайны пакінуў Палессе, перабраўшыся ў Канаду, дзе раптоўна памёр ў 1964 годзе. На ўкраінскай мове апісаў жыццё Пінскага Палесся, выдаў зборнікі апавяданняў і аповясцяў: “В дорозі” (1954), “Щебетун” (1957), “Півстанок за селом” (1959), “Покинута оселя” (1960) і пасля смерці свет убачыла кніга “Вощадь” (1972).

Што значыць мянушка пісьменніка? Як растлумачылі сваякі літаратара, Одрач – гэта месца ад вёскі да ракі, дзе бавіў час у юнацтве Фёдар.

Цягніком з Вільні ў Пінск Фёдар Одрач не проста вяртаўся ў родныя мясціны, ён ехаў у новае жыццё, якое пачалося з трагічных падзей.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя