Цыганскія пагромы на поўдні Украіны



На поўдні Украіны, пад Адэсай, прайшлі масавыя цыганскія пагромы.

Нагодай стала зверскае забойства васьмігадовай дзяўчынкі. Паведамляе наш украінскі карэспандэнт – Марцін Война:

– Усё пачалося з таго, што ў закінутым доме ў вёсцы Лашчынаўка, што ў Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці, знайшлі труп 8-гадовай дзяўчынкі, якая за суткі да гэтага знікла без вестак. Паліцыя па свежых слядах затрымала падазраванага 20-гадовага цыгана з той жа самай вёскі. Акрамя абвінавачвання ў наўмысным забойстве, затрыманаму высунулі абвінавачванне і ў згвалтаванні дзіцяці. Пасля гэтага ў вёсцы і пачаліся масавыя пагромы. Натоўп амаль у 400 чалавек разграміў дамы ўсіх вясковых цыганоў, якія папярэдне ўцяклі з вёскі.  Погромшчыкі спыніліся толькі пасля ўмяшальніцтва паліцыі. Сітуацыя застаецца вельмі напружанай, у вёсцы чакаюць агульнага сходу, пасля якога магчымыя новыя пагромы.

Відавочцы сцвярджаюць, што антыцыганскія настроі ў вёсцы былі і без таго моцнымі, але зверскае забойства непасрэдна справакавала канфлікт.

Беларускае Радыё Рацыя