Цыклон Gisi прынясе моцны снег



Цыклон Gisi, які будзе павольна рухацца цераз Беларусь на ўсход, прынясе ў сераду, 2 лістапада, пагаршэнне надвор’я, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

Гідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай метэаралагічнай з’яве (аранжавы ўзровень небяспекі). Ноччу ў заходніх і цэнтральных раёнах, раніцай і днём па ўсходзе чакаюцца моцныя ападкі (снег, мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж). У асобных раёнах наліпанне мокрага снегу, на дарогах галалёдзіца. Раніцай і днём па ўсходзе ў асобных раёнах узмацненне ветру парывамі 15—18 м/с. Тэмпература ноччу 0 — мінус 6°С, па захадзе плюс 1—4°С, днём 0 — плюс 6°С, па паўднёвым захадзе да 9°С.

У Мінску ноччу моцны снег, мокры снег. Днём мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы з пераходам у заходні 5—10 м/с, парывы да 14 м/с. Тэмпература паветра ноччу 0 — мінус 2°С, днём плюс 1—3°С.

У чацвер у многіх раёнах ападкі (дождж, мокры снег). У асобных раёнах слабы галалёд, ноччу і раніцай туман. Тэмпература паветра на працягу сутак мінус 1 — плюс 5°С.

У пятніцу ў многіх раёнах невялікі кароткачасовы снег, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу 0 — мінус 5°С, днём мінус 2 — плюс 5°С.

belapan.by