Турак гаспадарыць у беларускай вёсцы



45-гадовы грамадзянін Турцыі Экрэм Сайлык памяняў Стамбул на беларускую вёску. Ён выбраў для месца жыхарства вёску Сігневічы Бярозаўскага раёна. У гэтай вёсцы жывуць пажылыя бацькі яго жонкі Алены. Экрэм купіў дом, які дабудоўвае, завёў немалую гаспадарку. Накірунак гаспадаркі – жывёлагадоўля. У будучым ён плануе стварыць сетку крамаў турэцкіх кандытарскіх вырабаў. У планы ўваходзіць і пашырэнне гаспадаркі. Экрэм лічыць, што на зямлі павінен працаваць прыватнік:

— Пяць кароў, чатыры дойныя казы, пародзістыя, і авечкі, і гусі, і качкі, і куры. І нават свінні ёсць, але я не ем. Дзецям не дазваляю. Большасць малака мы здаём на Бярозаўскі сыракамбінат. Раблю розны сыр па турэцкіх рэцэптах. На будучыню мы плануем пачаць свой бізнес па продажы кандытарскіх вырабаў у Берасці: турэцкія ласункі, якіх у Беларусі ўвогуле нідзе няма.

Жонка Экрэма Сайлыка Алена лічыць сябе шчаслівай. Усю цяжкую працу па гаспадарцы муж бярэ на сябе, вядзе цвярозы вобраз жыцця, вельмі працавіты. Яна гадуюць дзвюх дачушак. Аднавяскоўцы прынялі Экрэма як свайго:

— Ён прыжыўся. Сяброў мае ўжо па ўсім раёне. Дзелавой. Людзі яго прынялі, як свайго.

— Такіх людзей цяпер мала, у асноўных гэтым ужо ніхто не займаецца.

Экрэм Сайлык – гамеапат па адукацыі. Вучыўся ў Турцыі і Амерыцы. Лечыць сваю сям′ю і жывёл сваёй гаспадаркі толькі натуральнымі лекамі, якія робіць сам. Таму яго прадукцыя чыстая і якасная.

У Экрэма Сайлыка вялікія канкрэтныя планы наконт будучага бізнесу ў Беларусі. І калі яны здзейсняцца, то з сям’ёй зможа жыць на дзве краіны. А пакуль шчыруе ў сваёй гаспадарцы, дабудоўвае дом, дбае пра сям’ю, пры патрэбе дапамагае людзям  і не баіцца беларускіх халадоў.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя