Тыдзень у Менску пачаўся з судоў



Сёння, 10 красавіка, ў сталічных судах разглядаюцца адміністрацыйныя справы грамадскіх актывістаў, якія бралі ўдзел у акцыях па абароне ахоўнай зоны Курапатаў, каля будынку КДБ у Менску 24 сакавіка, а таксама на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка.

У судзе Першамайскага раёну Менска 10 красавіка судзяць актывістаў Рамана Пратасевіча, Насту Дашкевіч, Вольгу Нікалайчык, Леаніда Кулакова. Таксама суд чакае і старшыню руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча. 

Суд над актывістам „Еўрапейскай Беларусі” Леанідам Кулаковым, які дагэтуль адбывае папярэдні арышт на 25 сутак, перанеслі на 21 красавіка.  Яго вінавацяць у акцыі пратэсту супраць абароны Курапат. 

Наста Дашкевіч пакараная  штрафам у памеры 15 базавых велічынь таксама за абарону Курапат.

Суд над Раманам Пратасевічам перанесены на 14 красавіка, паколькі суддзя прыняла рашэнне выклікаць на судовае паседжанне выкладчыкаў універсітэта, якія ў дзень акцыі ў Курапатах 25 лютага прымалі ў яго іспыт. А ў пратаколе пазначана, што ў гэты час актывіст „актыўна ўдзельнічаў у незаконным пікетаванні на будаўнічай пляцоўцы па адрасе: Мірашнічэнка, 49.

Справу Вольгі Нікалайчык разглядае суддзя  Іна Сідарок. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 24 лютага: нібыта яна  выступала супраць будаўніцтва  на вуліцы Мірашнічэнкі у ахоўнай зоне Курапат. Нікалайчык адмоўлена ў хадайніцтве аб  вядзенні працэсу на беларускай мове.

Разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска праваабаронцы Таццяны Равякі, якую вінавацяць у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі па артыкулах 17.1 і 23.4 КаАП РБ. перанесены па яе заяве на 18 красавіка. Усе гэтыя правапарушэнні праваабаронца паспела “здзейсніць” 26 сакавіка, калі патрапіла на Кастрычніцкую плошчу Менска.

Судэнта Нікіту Калачыка суддзя Вікторыя Шабуня пакарала штрафам у памеры 10 базавых велічынь за акцыю пратэсту.

Гэтым жа судом пенсіянерка Ніна Багінская аштрафаваная на 50 базавых велічыняў за акцыю каля будынка КДБ 24 сакавіка.

Такое рашэнне прыняла суддзя Цэнтральнага суду Менску Вікторыя Шабуня.

Суд Заводскага раёна  Менска працягнуў разгляд адміністрацыйнай справы старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча за удзел у акцыі па абароне Курапатаў. Палітык аштрафаваны ў памеры 50 базавых велічынь па арт. 23.34 КаАП.

У судзе Савецкага раёна Менска запланаваны разгляд адміністрацыйнай справы  актывіста «Маладога фронта» Рамана Васільева. На яго складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемства) – за ўдзел у акцыях па абароне Курапатаў.

За акцыю ля КДБ сёння павінны судзіць лідэра БХД Паўла Севярынца, які дагэтуль адбывае папярэдняе пакаранне.

Вясна