У Баранавічах іпэшнікі сустрэліся з мясцовымі чыноўнікамі



Баранавіцкія прадпрымальнікі паспрабавалі дагрукацца да вышэйшай улады праз мясцовых чыноўнікаў. Для сустрэчы з чыноўнікамі каля 400 чалавек з’явіліся ў раённы выканаўчы камітэт, дзе адбыўся сход, які доўжыўся дзве гадзіны. Галоўнае пытанне сходу: што зрабілі мясцовыя чыноўнікі і дэпутаты для вырашэння крызісу, у якім апынуліся прадпрымальнікі Баранавіч праз указ №222? Чыноўнікі адразу папярэдзілі, што не будуць абмяркоўваць пытанне адмены ўказу:

– Паколькі мы разумеем вашыя патрабаванні, якія ў першую чаргу датычаць адмены ўказа № 222, але адмена гэтага ўказа не ўваходзіць у кампетэнцыю ні Баранавіцкага гарвыканкама, ні Берасцейскага аблвыканкама.

Сход, можна сказаць, закончыўся нічым, адбылася адна гаварыльня, кажуць незадаволеныя прадпрымальнікі:

– Канешне, мы не задаволеныя. Нам не далі адказу ні на адно канкрэтна зададзенае намі пытанне. Мы не пачулі ні аднаго канкрэтнага адказу. Калі ў нас канфіскоўваюць тавары, але гэта намі куплена за ўласныя грошы. У нас гэта забралі і ідуць прадаваць. А нам яшчэ трэба штраф заплаціць. „Крывасмокі” самыя сапраўдныя.

Адначасова на сходзе адбыўся збор подпісаў пад лістом да кіраўніка краіны, з просьбай адклікаць свой указ №222. Паводле прадпрымальніка Міколы Чарнавуса, падпісаліся 150 чалавек. 29 студзеня ліст будзе адвезены ў Менск.

Бакі засталіся незадаволенымі, перамовы закончыліся нічым, – кажуць прысутныя на сходзе.

Беларускае Радыё Рацыя