У Баранавічах прайшоў праваабарончы семінар



Праявы сучаснага фашызму, ды як ім супрацьстаяць – гэтае пытанне абмеркавалі ў час семінару “HUMAN INTEGRITY” у Баранавічах. Цікавасць да мерапрыемства выявілі маладыя людзі з Баранавічаў ды Івацэвічаў, якіх сабралася больш за два дзясяткі.

Як кажа арганізатарка сустрэчы, праваабаронца Наста Лойка, тэма разглядалася ў розных аспектах:

– Мы кажам пра нейкія сучасныя праявы ў некалькіх пунктах. Ёсць пункт звязаны з расізмам – непрыняцце людзей па любой прыкмеце. Ёсць таталітарнае мысленне, калі людзі адчуваюць сябе часткай вялікага магутнага мы і праз гэта лічаць, што ўсіх, хто  не падыходзіць пад гэты крытэр, іх можна дыскрымінаваць і штосьці з імі рабіць. І трэці пункт, калі ўсё гэта дасягаецца пры дапамозе сілы, і ёсць пэўны культ сілы.

Многія маладзёны, удзельнікі семінару, лічаць, што ў змаганні з праявамі фашызму часам нельга пазбегнуць так званай “вымушанай агрэсіі”:

– Такія, што часам і ў лоб трэба даць на жаль, бо некаторыя групы людзей паводзяць сябе агрэсіўна і без самаабароны ніяк. Таму часамі гвалт з’яўляецца вымушаным.

На думку Насты Лойкі, праяваў фашызму і неталерантнасці нельга пазбегнуць у кожным з сучасных грамадстваў. Таму важна ведаць, як супрацьстаяць такім выклікам часу.

Беларускае Радыё Рацыя