У Баранавічах выяўленая падпольная лабараторыя па вырошчванні канопляў



У Баранавічах супрацоўнікі аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі гарадскога аддзела ўнутраных спраў 15 сакавіка выявілі падпольную лабараторыю па вырошчванні канопляў.

Як паведаміў старшы інспектар групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Баранавіцкага ГАУС Вольга Сакута, лабараторыю стварыў у гаражы ў двары свайго прыватнага дома 23-гадовы мясцовы жыхар, вадзіцель адной з фірмаў горада.

Каноплі малады чалавек вырошчваў ў прыстасаванай для гэтага, абшытай цеплаізаляцыйным матэрыялам шафе.

Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі пяць гаршчкоў з кустамі канопляў, абсталяванне і ўгнаенні для яе вырошчвання, а таксама 2,3 грама марыхуаны.

Арганізатар падпольнай лабараторыі затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У дачыненні да яго распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Паводле слоў маладога чалавека, ён стварыў лабараторыю прыблізна месяц назад і вырошчваў расліны з утрыманнем наркотыка для асабістага спажывання.

Як адзначыла Сакута, з пачатку года гэта першая падпольная наркалабараторыя, выяўленая ў Баранавічах.

belapan.by