У Беларусь вернецца анамальна цёплае надвор’е



Сіноптыкі абяцаюць, што на гэтым тыдні месцамі чакаецца да +30-32 градусаў, а на панядзелак аб’явілі памаранчавы ўзровень бяспекі.

Перш за ўсё ад спёкі пакутуюць грамадзяне з сардэчнымі захворваннямі і асобы сталага ўзросту. Гэтая катэгорыя знаходзіцца ў зоне рызыкі, асабліва ў вясковай мясцовасці.

У спёку лепш не займацца гаспадарчымі справамі, кажа лекар Марыя Паўлавец:

– Цяпер перыяд кансервацыі, цяпер перыяд прыборкі нейкіх фруктаў, садавіны. Я сама з сельскай мясцовасці, ведаю, што гэта такое, калі ласка, забяспечце сябе ад магчымых ускладненняў у гэты перыяд. Зразумела, што за вас ніхто гэтую працу рабіць не будзе, вы хочаце дапамагчы сваім блізкім. Хочацца выйсці ў агарод, выйдзіце да 7 раніцы і пасля 7 вечара, у ніякім выпадку ў спёку, бо гэта ўсё прывядзе да цяжэйшых ускладненняў.

Акрамя таго з надыходам спякоты ўзрастае колькасць ахвяр на вадзе, таму ратавальнікі заклікаюць грамадзянаў памятаць пра правілы бяспекі.

Беларускае Радыё Рацыя