У беларусаў на мяжы патрабавалі медычную даведку



Медычную даведку патрабавалі ў беларусаў польскія памежнікі. І папярэджвалі, што за адстунасць такой даведкі пагражае штраф у памеры 500 злотых. Як піша  газета “Вячэрні Брэст”, пра гэта паведаміў адзін з чытачоў, які 11 красавіка перасякаў мяжу праз пункт пропуску “Пясчатка” – “Полаўцы”. У памежнай службе Беларусі журналістам сказалі, што не маюць такой інфармацыі.

У Падляшскім аддзяленні памежнай аховы нашаму радыё адзначылі, што такога патрабавання няма. Кажа прэс-сакратар Катажына Здановіч:

– Калі ідзе размова пра выпадак 11 красавіка, то мы высвятляем, што здарылася. Што тычыцца прадастаўлення медычнай даведкі, то такога патрабавання няма.

Такім чынам, падчас перасячэння беларуска-польскай мяжы неабходна мець пры сабе медычную страхоўку ў тым выпадку, калі грамадзянін Беларусі ўязджае ў Польшчу на падставе нацыянальнай візы.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  PAP/Darek Delmanowicz