У Беларусі адключаюць радыёкропкі



У Берасці з 1-га жніўня канчаткова перапыняецца аказанне паслуг дротавага радыёвяшчання.

Такое рашэнне афіцыйна матывавана зніжэннем колькасці абанентаў і састарэннем тэхналогіі перадачы дадзеных. Цяпер слухаць „Першы нацыянальны канал Беларускага радыё” гараджанам прапануюць выключна праз эфірныя прыёмнікі.

Пенсіянерам, што былі асноўнымі спажыўцамі дротавага радыёвяшчання, досыць няпроста прызвычаіцца да новай рэальнасці. Кажа жыхарка Берасця Ганна Наліўка:

– Як гэта так, што столькі гадоў радыё тое служыла, а цяпер раз і няма? А гэтыя радыёпрымачы, як яны будуць нам служыць? Мне без яго будзе вельмі сумна, але як людзі, так і я, з-за мяне ж адной не будзе радыё.

„Аптымізацыя”, ці гаворачы простай мовай, адключэнне дротавага радыёвяшчання пачалося некалькі год таму з раёнаў. 1-га жніўня гэтага года надышла чарга такіх абласных цэнтраў, як Берасце, Гомель, Віцебск і Гародня.

Па інфармацыі з сайта Беларускага радыётэлевізійнага перадавальнага цэнтра, у Магілёве і сталіцы радыёкропкі адключаць 1 кастрычніка. З таго часу дротавае радыёвяшчанне ў Беларусі перастане існаваць.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце