У Беларусі афіцыйна адзначаюць Дзень Незалежнасці (абноўлена)



У Менску адбываецца святкаванне Дня Незалежнасці. Гэтым разам без традыцыйных парада ды спартовага моладзевага шэсця. Кажуць, грошы “з’ела” 9 траўня 70-годдзе Перамогі. Са спазненнем на гадзіну ад запланаванага графіка Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянкі да манумента на плошчы Перамогі. Традыцыйна пагутарыў з ветэранамі. Зараз святкаванне перамясцілася на вуліцы сталіцы.

Ля Палаца спорту пройдзе гала-канцэрт “Мы, беларусы – мірныя людзі”. У Верхнім горадзе адбудуцца выступы рамеснікаў, вулічных мастакоў, музыкаў, тэатральных калектываў. Завершыцца святкаванне ў 23.00 святочным фейерверкам з шасці кропак адначасова.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * *

Дзяржаўнае свята Дзень Незалежнасці трэцяга ліпеня – дзень вызвалення Менска – не аб’яднала беларусаў, а раз’яднала, як і змененыя пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўныя сімвалы: герб і сцяг. Так лічыць гісторык Павел Дайлід, на думку якога, нельга нацыянальную ідэю рабіць толькі з Другой сусветнай вайны:

– У нас кожная падзея, кожная дзяржаўная маніфестацыя праходзіць менавіта пад лозунгамі перамогі ў Другой сусветнай вайне. На маю думку, нацыянальную ідэю спрабаваць пабудаваць толькі на перамозе ў адной вайне няправільна.

Для многіх апытаных жыхароў Бярозаўшчыны цяперашні Дзень Незалежнасці з’яўляецца проста яшчэ адным выходным днём:

– Няма адчування нейкага дзяржаўнага свята. Калі звярнуцца да гістарычных каранёў, то, напрыклад, Бяроза яшчэ не была вызвалена ў гэты дзень.

– Я ведаю, што раней Дзень Незалежнасці адзначаўся ў іншыя дні. Нашаму народу цяпер не да святаў.

– Мне ўсё роўна – ці трэцяга, ці пятага…

– Чарговая недарэчнасць нашых святаў.

У 1990 годзе 27 ліпеня Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. З таго моманту БССР прызнаная самастойнай дзяржавай. Праіснавала адно з найважнейшых святаў да 1996 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота vtemu.by