У Беларусі пачаўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання



У сталічным Прэс-клубе адбылася прэс-канферэнцыя да адкрыцця Тыдня супраць смяротнага пакарання ў краіне. У рамках якой адбылася і прэзентацыя даклада “Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойства на законных падставах”. Ён падрыхтаваны праваабарончым цэнтрам “Вясна” сумесна з Міжнароднай федэрацыяй за права чалавека.

img_1331

Спікерам мерапрыемства стаў Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.

ПАЛУДА: Сёлета мэсыдж гэтага тыдня гучыць як “смяротнае пакаранне незваротнае”. Сапраўды гэтыя словы – сур’ёзны аргумент “супраць”, пра які ўвесь час кажам. Суддзя, міліцыянт, пракурор, следчы камітэт, судовая памылка – усе мы людзі і можам памыляцца. Але ў выніку ажыццяўлення смяротнага пакарання гэтую памылку немагчыма выправіць.

Сваё слова “супраць” сказаў Джым Казанс, намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Еўразвязу. А спадарыні Флорэнс Беліўе, прафесар права, экс-прэзідэнт Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання ды Саша Кулаева, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за права чалавека за дзень да гэтага прысутнічалі на агалашэнні Вярхоўнага суда, што пакінуў смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву. І – падзяліліся ўражаннямі.

БЕЛІЎЕ: Не разумею чаму ў залу яшчэ да прысуду падсуднага, як сабаку, прымушаюць ісці са схіленым у падлогу тварам, з рукамі за спіной. Вядуць як сапраўдную жывёлу, тым больш, побач сабакі без наморднікаў, якія ў выпадку неабходнасці могуць ужыць свае клыкі!

КУЛАЕВА: Рытуал, на якім жахліва прысутнічаць. Пачынаючы ад назірання прадстаўніка ахвяры – у дадзеным выпадку, маці забітай дзяўчыны. Пры чым, падобна, што яе слёзы, як і лёс забойцы глыбока абыякавыя дзяржаве і судавытворчасці. Усе знаходзяцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане. Узгадваюцца самыя мярзотныя гістарычныя сітуацыі і паралелі.

Пытанне ад нашага радыё выклікала пэўную дыскусію сярод удзельнікаў прэс-канферэнцыі.

РР: Як на ваш погляд, ці існуе для Лукашэнкі і палітычны складнік – наяўнасць смяротнага пакарання, як фактар запалохвання і апазіцыі, і народажыхарства супраць магчымых палітычных пратэстаў? Тым больш, найноўшая гісторыя краіны мае прыклады, як фармаваліся крымінальныя справы супраць апазіцыйных палітыкаў…

ПАЛУДА: Гэта пытанне было сярод палітычных на сумна вядомым  рэферэндуме, якому ўжо 20 год. Так што ў гэтым кантэксце палітыка прысутнічае. Увогуле, Беларусь застаецца краінай, дзе трывала захоўваецца савецкі кансерватызм. У гэтым пытанні таксама…

БЕЛІЎЕ: Але і цывілізаваныя Злучаныя Штаты і Японія дасюль захоўваюць смяротнае пакаранне. Хоць пры вынясенні прысуду настолькі ўсё мусіць пераправерана, што выканання прысуду часам падсудныя чакаюць гадамі.  На маёй радзіме, у Францыі яно было адмененае ўсяго 35 год таму. Тым не менш, смерць з’яўляецца вельмі небяспечнай зброяй, калі знаходзіцца ў руках дыктатара. Але пазітыўна тое, што да нашага руху могуць далучацца людзі самых розных палітычных поглядаў – ад кансерватараў да прагрэсістаў.

КУЛАЕВА: Я працавала ва Узбекістане і Кіргістане, дзе вельмі шмат людзей чакалі выканання смяротнага прысуду. Улады прыводзілі аргументы, што проста ў маёй галаве не ўмяшчаліся. Маўляў, дзе знайсці лішнія грошы і чаму мусім забойцаў пажыццёва карміць?! Канешне, для кіраўніка аўтарытарнага рэжыму з вялікім стажам сімвалічна вельмі важна, як шаху-падзішаху, адчуваць, што мае пастаянную ўладу над жыццём і смерцю сваіх “падначаленых” жыхароў. Таму заклікаем да адмены смяротнага пакарання, улічваючы, што існуе шмат альтэрнатыўных формаў пакаранняў, якія ўсім вядомыя.   

Мерапрыемства праводзілася ў рамках Тыдня супраць смяротнага пакарання, якія традыцыйна штогод праводзіць кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Гэтым разам напярэдадні 14 Міжнароднага дня супраць смяротнай кары, які планета будзе праводзіць 10 кастрычніка. На Валадарцы знаходзяцца чатыры зняволеных, прысуджаных да расстрэлу.

Віталь Сямашка Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара