У Беларусі плануецца ўкараніць сістэму страхавання па беспрацоўі



У перспектыве ў Беларусі плануецца ўкараніць сістэму страхавання па беспрацоўі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску 28 чэрвеня паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун.

„Мы над гэтым працуем, праводзіцца навукова-даследчая работа, і ў 2017 годзе будзе распрацаваны і ўнесены ва ўрад нарматыўна-прававы акт аб неабходнасці ўкаранення сістэмы страхавання па беспрацоўі”, — сказаў чыноўнік.

Паводле яго слоў, яшчэ рана гаварыць аб канкрэтных механізмах, хто будзе выплачваць узносы і як будзе фармавацца страхавы фонд. „Агульная ідэя такая: калі чалавек працаваў і плаціў страхавыя ўзносы, то пры страце працы па незалежных ад яго прычынах будзе мець права на атрыманне дапамогі па беспрацоўі, якая па сусветных стандартах забяспечвала б пакрыццё страчанага заробку ў памеры да 70%”, — паведаміў начальнік упраўлення.

belapan.by

Фота mogilevnews.by