У Беларусі рыхтуюць пераход да інклюзіўнай адукацыі



У Беларусі да 2017 года будзе распрацавана тэарэтычная частка пераходу да інклюзіўнага адукацыйнага працэсу, а ў 2018 годзе пачнецца рэалізацыя праекта. Канцэпцыя інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі падпісана летась. У адпаведнасці з ёй усе новыя адукацыйныя ўстановы павінны ўлічваць патрэбы розных катэгорый грамадзян, як у архітэктурным, так і ў навукова-метадычным сэнсе.

“Інклюзіўны падыход дае больш магчымасцяў для людзей з асаблівасцямі”, – кажа дырэктар Столінскага цэнтра падтрымкі маладых інвалідаў Міхаіл Скрабейка.

– Інклюзія – гэта калі няма слова “інвалід”, калі ўсё для ўсіх. Калі будуецца дом, то ён будуецца для ўсіх. Калі будуецца школа, то яна для ўсіх. Без якой-небудзь спасылкі на абмежаванні. Таму і жаласці не будзе.

У сувязі са з’яўленнем канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі ўжо ідзе падрыхтоўка настаўнікаў па асаблівай педагогіцы, а таксама ствараецца адпаведная навукова-метадычная база.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя