У Беларусі ўпершыню правялі трансплантацыю комплексу сэрца-лёгкія



У Беларусі ўпершыню праведзена аперацыя па трансплантацыі комплексу сэрца-лёгкія, паведаміў журналістам 15 лістапада дырэктар РНПЦ «Кардыялогія», галоўны пазаштатны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандр Мрочак.

1026088475

Паводле яго слоў, унікальная дзевяцігадзінная аперацыя выкананая 2 лістапада ў РНПЦ «Кардыялогія» ў Менску брыгадай прыкладна з дваццаці лекараў пад кіраўніцтвам акадэміка Юрыя Астроўскага.

Як нагадаў Мрочак, пасля правядзення ў Беларусі першай перасадкі сэрца ў 2009 годзе ўрачы заявілі пра магчымасць трансплантацыі комплексу органаў праз год-два, аднак ажыццявіць гэта ўдалося толькі цяпер.

«Працэс падрыхтоўкі, у першую чаргу спецыялістаў, быў доўгім і складаным, тым не менш усе бар`еры удалося пераадолець», — сказаў Мрочак.

Кардыяхірург РНПЦ Сяргей Спірыдонаў расказаў, што ў рэспубліцы ўжо сем гадоў праводзіцца трансплантацыя сэрца ў пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю. Аднак ёсць група пацыентаў, як правіла, з працяглым парокам сэрца, які прыводзіць да высокай лёгачнай гіпертэнзіі. Ім трансплантацыя толькі сэрца не дапаможа, таму што будзе развівацца праважалудачкавая недастатковасць.

«Мы доўга трэніраваліся, стварылі групу рэцыпіентаў, прайшлі стажыроўку ва Універсітэцкай клініцы Гановера (Германія), якая з`яўляецца сусветным лідарам па трансплантацыі лёгкіх і комплексу сэрца-лёгкія, — расказаў ён. — Штогод там выконваецца каля 150 трансплантацый лёгкіх і каля 10-15 трансплантацый комплексу сэрца-лёгкія”.

Рэцыпіент — мужчына 32 гадоў, які мае прыроджаны парока сэрца, што прывёў да высокай лёгачнай гіпертэнзіі. У ліст чакання быў унесены сёлета ў сакавіку.

„Пра паспяховасць аперацыі хірургі звычайна кажуць, калі пацыент сыходзіць дадому, — сказаў Спірыдонаў. — У гэтым выпадку магу сказаць, што крызісны перыяд — гэта першыя дні, першыя тыдні”.

Ён адзначыў, што да аперацыі ў пацыента назіралася сардэчная і лёгачная недастатковасць. Цяпер гэтыя з`явы купіруюцца, пацыент паступова ідзе на папраўку. Мужчына знаходзіцца ў рэанімацыйным блоку, самастойна па ім перасоўваецца, адчувае сябе, паводле слоў лекараў, „дастаткова нядрэнна”. Наперадзе ў яго працяглая рэабілітацыя.

1026088018

Паводле еўрапейскага досведу пяцігадовая выжывальнасць пацыентаў пасля трансплантацыі лёгкіх складае каля 70%, паведаміў кардыяхірург. Паказанні да трансплантацыі комплексу сэрца-лёгкія — калі без аперацыі пацыент не пражыве больш за год. У Расіі першая такая аперацыя была праведзеная ў 2014 годзе, другая — у мінулым.

Паводле слоў кардыёхірурга, у Беларусі сёння ў спісе чакання на трансплантацыю комплексу сэрца-лёгкія або лёгкіх з карэкцыяй парока клапанаў сэрца знаходзіцца 15 чалавек. Для правядзення аперацыі неабходна, каб рэцыпіент і донар супадалі па многіх параметрах, у тым ліку па росце і вазе. Як адзначыў кардыяхірург, на жаль, некалькі рэцыпіентаў аперацыі ўжо не дачакаліся.

У Беларусі праводзіцца яшчэ адна аперацыя па трансплантацыі органа разам з сэрцам — комплексу сэрца-ныркі. На сёння выкананы тры такія аперацыі.

БелаПАН

Фота: sputnik.by