У Беларусі зменяцца стаўкі падатку на сабак



З 1 студзеня 2017 года велічыня гэтага падатку не будзе залежнай ад памераў хатніх гадаванцаў. Новыя нормы ўтрымліваюцца ў новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Розніца ў падатку застанецца толькі для тых, чые сабакі вышэйшыя за 70 сантыметраў альбо ўнесеныя ў пералік патэнцыйна небяспечных парод — ім прыйдзецца ў месяц заплаціць за сабаку да 1,5 базавых велічынь (31 рубель 50 капеек).

Берасцейская ўладальніца некалькіх «чатырохногіх сяброў» Ірына Сіняпкіна так каментуе гэтыя змены:

— Калі я прачытала артыкул у Фэйсбуку, я зразумела, што асабіста для мяне аплата крыху зменшыцца — стане 0,3 базавых, а было 0,5. Увогуле такія крокі — гэта добра, але паколькі ў мяне падабраныя бяздомныя сабакі, я ўвогуле не зусім разумею, за што я плачу падатак. Тут я не вельмі задаволеная.

Падатак на хатніх гадаванцаў у сусветнай практыцы з’ява ня рэдкая. Беларусь не з’яўляецца выключэннем, на тэрыторыі якой вось ужо некалькі гадоў існуе падатак на ўладанне сабак. Аднак гэта не азначае, што ва ўсіх рэгіёнах падатак будзе аднолькавы, бо канкрэтныя стаўкі ўсталёўваюць мясцовыя ўлады.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце