У Беларусі з’явіцца падатак на мабільную сувязь і інтэрнэт



Улады хочуць заткнуць дзірку ў бюджэце падаткам на мабільную сувязь і інтэрнэт. Пра гэта распавялі Tut.by некалькі інфармаваных крыніц. Па іх словах, гаворка ідзе пра паслугі мабільнай сувязі, паслугі перадачы дадзеных (г.зн. паслугі правайдэраў па доступе да інтэрнэту) і IP-ТБ.

«Гэта адна з мер, каб заткнуць дзірку ў бюджэце на гэты год», – мяркуе адна з крыніц.

Крыніцы лічаць, што ільвіная доля нагрузкі ляжа на плечы мабільных аператараў. «А тыя ў сваю чаргу перакладуць ці падзеляць яе з спажыўцамі», – сказаў удзельнік рынку.

Крыніца ў дзяржаўных органах запэўнівае, што «варыянты розныя абмяркоўваюцца, але яны яшчэ знаходзяцца ў вельмі сырой стадыі».

У Мінфіне адмовіліся ад каментароў.

Бюджэт на 2016 сфармаваны зыходзячы з цаны на нафту 50 даляраў за барэль. Падзеі студзеня, калі кошт «чорнага золата» знізіўся ніжэй за 30 даляраў (сёння – 35 даляраў), вымусілі беларускі ўрад заняцца перапрагназаваннем расходаў і даходаў казны.