У Белавежскай пушчы вынішчаюць чырвоны дуб



Амаль шэсць гектараў чырвонага дуба было высечана сёлета ў Белавежскай пушчы з беларускага боку, а больш чым на сотні гектараў было выдалена інвазіўнага віду пры правядзенні высечак пры даглядзе ляснога масіву. Гэта прыгожае, але варожае дрэва, якое было завезена ў Беларусь са Злучаных Штатаў Амерыкі. Яно адаптавалася і цяпер знішчае цэлыя экасістэмы,  – падкрэсліў эколаг, прадстаўнік грамадскага аб’яднання ’’Ахова птушак Бацькаўшчыны’’ Андрэй Абрамчук:

– Праграма падтрымкі запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчырэалізуецца ў рамках сумеснага праекту Франкфуртскага экалагічнага таварыства, грамадскага аб’яднання ’’Ахова птушак Бацькаўшчыны’’ і Нацыянальнага парку.  І адным з чарговых мерапрыемстваў, якія рэалізоўваліся цягам гэтага года, была барацьба з чырвоным дубам.

Як распавёў Андрэй Абрамчук, у наступным годзе праца па высечцы чырвонага дуба ў Белавежскай пушчы будзе працягнута, у першую чаргу на запаведных тэрыторыях. Хацелася б, каб такія дзеянні рэалізоўваліся не толькі ў межах праекту, а да гэтага падключаўся цэлы шэраг дзяржаўных структураў, якія займаюцца лесакіраваннем, і падтрымлівалі такую ініцыятыву на сваіх тэрыторыях, – падагульніў эксперт.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота bp21.org.by