У Берасці абмеркавалі сітуацыю вакол чачэнскіх уцекачоў



Валанцёры і праваабаронцы з Human Constanta чарговы раз дыскутавалі з нагоды сітуацыі, якая склалася вакол каўказскіх мігрантаў у Берасці. Вядома, што беларускія актывісты супрацоўнічаюць з калегамі з польскага боку, каб дапамагчы ім запусціць механізм, які прадугледжаны міжнароднымі і нацыянальнымі прававымі нормамі. Аб матывацыі дапамогі мігрантам кажа валанцёр Таццяна, якая прысутнічала на дыскусіі:

– Матывацыя простая – гэта людзі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, а я знаходжуся побач. Чаму б не дапамагчы? Гэта звычайнае чалавечае суперажыванне. Я з такімі не сустракалася, але заўсёды ёсць шанец, што сярод бежанцаў ёсць „эканамічныя мігранты”, якія скарыстаўшыся сітуацыяй, хочуць трапіць у Еўропу. Паколькі мы займаемся праваабарончай дзейнасцю, то мяне больш цікавіць пытанне, каб выконваліся міжнародныя абавязацельствы з боку Польшчы.

Акрамя дыскусіі, чарговы раз адбыўся паказ французскага фільму “Чачня, вайна без следу” аўтарства Манон Луазо, у якім прадстаўлена адрозная ад афіцыйнай версія жыцця ў Чачэнскай Рэспубліцы. Удзельнікі сустрэчы выказалі свае меркаванні адносна матывацыяў людзей, якія шукаюць прытулку, крызісных сітуацый, якія могуць узнікнуць на гэтай глебе і іншых пытанняў. Пераважная большасць берасцейцаў па-ранейшаму выказвае свае думкі адносна сітуацыі вакол мігрантаў пераважна на інтэрнэт-форумах і не прымае шырокага ўдзелу ў падобных дыскусіях.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.