У Берасці блогераў Пятрухіна і Гарбунова асудзілі на 15 сутак



А 10-й раніцы пачаліся судовыя працэсы над берасцейскімі журналістамі Дзмітрыем Гарбуновым і Сяргеем Пятрухіным, якіх вінавацяць ва “удзеле ў масавым мерапрыемстве”. Яны былі затрыманыя 12 сакавіка, напярэдадні акцыі “Мы – не дармаеды!”  і змешчаны ў Ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Наступным днём іх адпусцілі “да суду”, бо хлопцы заптрабавалі адваката.

 

Пра першыя вынікі судовых пасяджэнняў кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які сочыць за працэсамі:

— Калі канвой у зале, значыць будуць браць. Пятрухіну 15 сутак. Ён не прысутнічаў на судзе, бо з’ехаў на вучобу, прыедзе — пасядзяць… Каб пасадзіць Гарбунова суддзя Каліна вярнуўся з адпачынку.  А Пятрухіна пасадзіў Семянчук Аляксандр Аляксандравіч.  

Таксама стала вядома, што Дзмітрый Гарбуноў прысуджаны да 15-ці сутак арышту.

Сяргей Пятрухін і Дзмітрый Гарбуноў – берасцейскія журналісты, блогеры, аўтары папулярнага youtube канала “Народны рэпарцёр”. У сваіх рэпартажах яны  здымалі пра карупцыю ва ўладзе, эканамічны стан людзей, пратэстныя настроі, і злачынствы сілавікоў.

Мікола Ляшкевіч, беларускае Радыё Рацыя