У Берасці і Гомелі адкрыюцца “Школы палітычнага лідара”



Моладзь БНФ – гэта моладзевае крыло Партыі БНФ – арганізавала заняткі ў „Школе палітычнага лідара”. Яе навучэнцы праслухаюць лекцыі па паліталогіі, гісторыі, палітычнай гісторыі, сустрэнуцца з вядомымі палітыкамі, праваабаронцамі, музыкантамі.

Распавядае кіраўнік Моладзі БНФ Юрый Лукашэвіч:

– Маладыя людзі будуць рыхтаваць публічныя выступы, будуць вучыцца рабіць мясцовыя кампаніі і кіраваць партыяй. Гэта робіцца для таго, каб падрыхтаваць будучых палітычных лідараў, навучыць іх працы ў партыі. Плюс падрыхтаваць кандыдатаў на мясцовыя выбары. Бо мы рыхтуем 50 кандыдатаў на мясцовыя выбары. І такая школа дапаможа людзям раскрыць сябе як лідара, як маладога палітыка.

Навучаецца ў „Школе палітычнага лідара” 20 чалавек, хоць жадаючых было значна больш. І не толькі з Менска, а таксама і з іншых гарадоў Беларусі. Але, па словах Юрыя Лукашэвіча, па розных абставінах, у асноўным з-за недахопу сродкаў, нельга было задаволіць усё заяўкі. Таму падобныя школы ў перспектыве, калі праца першай школы будзе паспяховай, запрацуюць у іншых гарадах. Ужо запланавана, што праз месяц дзве такія школы з’явяцца ў Берасці і Гомелі, распавёў Юрый Лукашэвіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск