У Берасці набірае папулярнасць гараж-сэйл



У Берасці праходзіць традыцыйны сямейны фестываль “Зялёны зай”. Два разы на год яго арганізуюць удзельніцы бацькоўскага сайта brest.maminforum.com. Цэнтральнае мерапрыемства – маштабны гараж-сэйл, на якім бацькі могуць прадаць рэчы, з якіх выраслі іх дзеці, а таксама за малы кошт набыць новыя. Мерапрыемства карыстаецца папулярнасцю, і тлумачыць гэтую з’яву адна з пастаянных арганізатарак гараж-сэйлу Таццяна Холадава.

– Нехта мае мэту зэканоміць. Нехта прыходзіць сюды, каб падтрымаць экалагічныя ініцыятывы. Нехта – папросту дзеля фану, адукацыйных мерапрыемстваў, бо да гараж-сэйлу далучаюцца берасцейскія адукацыйныя цэнтры. Таму тут цікава і бацькам, і дзецям рознага ўзросту.

Па словах Таццяны Холадавай, на гараж-сэйле прадаецца каля 70% рэчаў, прызначаных на продаж. Гэта, як правіла, вопратка, абутак, цацкі і развівальныя дапаможнікі. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца вопратка для хлопчыкаў, як рэчы, што найхутчэй выходзяць з ужытку.

 

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтаркі