У Берасці пададзена заяўка на правядзенне Дня Волі



У Берасці дэмакратычныя сілы маюць намер правесці сумесную акцыю ў Дзень Волі.

Шэсце і мітынг у цэнтральнай частцы горада плануюць 25 сакавіка абласныя структуры Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху „За Свабоду”, незалежных прафсаюзаў, шэрагу грамадскіх арганізацый і ўстаноў рэгіёна. Для падрыхтоўкі і правядзення акцыі створаны арганізацыйны камітэт.

Заяўку на правядзенне мерапрыемства падаў 10 сакавіка ў Берасцейскі гарвыканкам кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

„Арганізатары гэтай акцыі лічаць яе актуальнай у гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтае мерапрыемства павінна паказаць вернасць найвышэйшым каштоўнасцям: свабодзе і незалежнасці, а таксама імкненне да мірнага вырашэння эканамічных і палітычных праблем у краіне шляхам адкрытага абмеркавання і сумеснага прыняцця рашэнняў”, — паведаміў БелаПАН Шыманскі.

Паводле яго слоў, на мітынгу плануецца абмеркаваць шэраг праблем рэгіянальнага і рэспубліканскага маштабу.

„Мы будзем патрабаваць вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці ўсіх асуджаных удзельнікаў мірных пратэстаў супраць дэкрэта № 3 і поўнай яго адмены, — сказаў Шыманскі. — Акрамя гэтага, ёсць праблемы з абаронай інтарэсаў брастаўчан пры прыняцці рашэнняў на ўзроўні гарвыканкама. Нярэдка меркаванні жыхароў ігнаруюцца. Таксама мы лічым, што сёння грамадства пазбаўленае магчымасці змяніць уладу праз выбары, якія праходзяць непразрыста. Вырашэння гэтых праблем мы таксама будзем патрабаваць ад улады”.

Як зазначыў адзін з членаў аргкамітэта старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі, выклікае заклапочанасць магчымае пагаршэнне адносін з Еўрасаюзам, справакаванае сілавымі дзеяннямі ўладаў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый за адмену дэкрэта аб „дармаедах”.

„Гэта можа прывесці да эканамічнай ізаляцыі, зніжэння ўзроўню жыцця грамадзян і фактычна паставіць пад пагрозу незалежнасць краіны. Мы маем намер прыняць рэзалюцыю, у якой выкажам свае палітычныя і эканамічныя патрабаванні да органаў улады”, — паведаміў Маслоўскі.

Ён сказаў, што на мітынг запрошаныя прадстаўнікі Берасцейскага гарвыканкама.

БелаПАН