У Берасці прадпрымальнікі ладзілі сход



У Берасці на рынку “ЦУМ” адбыўся сход індывідуальных прадпрымальнікаў. У ім удзельнічала каля двухсот гандляроў з берасцейскіх рынкаў. Прадпрымальнікі абмеркавалі бягучы стан перамоваў з уладамі. Абсалютная бальшыня прагаласавала супраць адмены мітынга, які плануецца ў Берасці 19 лютага. Заяўка на мітынг ляжыць у гарадскім выканаўчым камітэце. Лідары мясцовага прадпрымальніцкага руху распавялі аб працы перамоўнай групы з уладамі. Паведамілі, што чарговая сустрэча перамоўнай групы адбудзецца 15 лютага. Прысутным на сходзе растлумачылі пазіцыю аб’яднання “Перспектыва”, чаму адклікалі заяўку на мітынг.

Прадпрымальнік Павел Якаўлевіч прапанаваў выступіць у прэсе з адкрытым пісьмом да Аляксандра Лукашэнка, паколькі ён адзін усё вырашае:

– Раз ён убіў сабе ў галаву, што мы “ўшывыя блохі” і “бандыты”, то пакуль мы самы недзе там не адзначымся, нічога не будзе. Яны ж даслалі агітку на Еўраньюс, што Беларусь – краіна для пражывання. Давайце мы дашлем контрагітку: што Беларусь – гэта краіна, дзе пражываюць адны бандыты, дзе людзі не маюць права выехаць за мяжу, людзі не маюць права атрымліваць з-за мяжы пасылкі і г.д. Плюс цяпер жаніцца нельга, развадзіцца нельга, таму што налогамі нас абклалі. І “партыя дармаедаў” павінна нас падтрымаць.

Лідары берасцейскіх прадпрымальнікаў заявілі, што 15 лютага ў Менску будзе несанкцыянаваны мітынг і кожны мусіць “сам вырашаць пад сваю адказнасць, ехаць туды ці не”. 17 лютага вырашана сабрацца на паўторны сход у Берасці.

Беларускае Радыё Рацыя