У Берасці прайшоў фестываль-конкурс X-Star



Мерапрыемства штогадовае, і сёлета яно мела месца 11-ы раз. Аднак істотна змяніла фармат: калі раней фінал ішоў на наступны дзень за адборачным турам, то цяпер адбор правялі за тыдзень. Арганізатары зрабілі гэта з мэтай, каб фіналісты атрымалі больш магчымасцяў у навучанні і падрыхтоўцы да выніковага выступу.

IMG_1826_s

Чатыры маладыя гурты на гэты тыдзень фактычна пераехалі ў будынак царквы “Выратаванне”, які апошнія некалькі год з’яўляецца пляцоўкай конкурсу, і мелі шчыльную праграму майстар-класаў, індывідуальных і групавых заняткаў, рэпетыцый пры ўдзеле вопытных музыкантаў, у тым ліку замежных.

Такім чынам, фінал аказаўся не столькі конкурсам, колькі справаздачай гуртоў, наколькі плённа яны папрацавалі на тыдні. Нездарма амерыканская рок-спявачка і выкладчыца на фестывалі Эн Макколум на цырымоніі ўзрагароджання выказалася, што адчувае гонар ад убачанага, бо і яна мела да гэтага дачыненне.

Што да фіналістаў, то тры з чатырох гуртоў гэтым разам аказаліся берасцейскімі – еve, Own Charter i Animalize, а адзін – Used Friendly – менскім. Безумоўнымі пераможцамі конкурсу прыназнаны гурт eve. Фармальна каманда зусім маладая, але гэта не падмане тых, хто сочыць за беларускай рок-сцэнай: ледзь не цэлы яе склад, за выключэннем вакалісткі, якая з’ехала ва Украіну, добра знаны па гурце Landau. Адразу са старту новай фармацыі відаць, што музыкі будуць працягваць радаваць слых і вока сваіх прыхільнікаў, годна падтрымліваючы якасныя стандарты, што самі сабе задалі.

У якасці галоўнага прыза конкурсу eve атрымаў магчымасць запісу міні-альбома ў прафесійнай студыі.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтаркі