У Берасці прапанавалі ўшанаваць памяць братоў Цвікевічаў



З нагоды чарговых угодкаў стварэння БНР берасцейскія сацыял-дэмакраты звярнуліся да кіраўніцтва горада адразу з дзвума прапановамі: усталяваць шыльду і перайменаваць адну з вуліц. Абедзве прапановы датычны памяці братоў Цвікевічаў, старэйшы з якіх Аляксандр быў прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў БНР. Падрабязней кажа ініцыятар уганаравання Ігар Маслоўскі:

– Браты Цвікевічы ў першую чаргу – гэта патрыёты сваёй краіны. Яны нарадзіліся і выраслі ў Берасці. Атрымалі тут сваю першую адукацыю ў межах мужчынскай гімназіі. На жаль, у горадзе няма ніводнай узгадкі, няма ўшанавання тых людзей, якія зрабілі вельмі шмат для Беларусі.

Шыльду прапануюць усталяваць на будынку корпуса Берасцейскага Дзяржаўнага Універсітэту, на гэтак званым старым корпусе, у якім у польскія часы месцілася мужчынская гімназія імя Рамуальда Траўгута. Звароты накіраваны ў гарсавет, гарадскі выканаўчы камітэт і да кіраўніцтва ўніверсітэта.

Беларускае Радыё Рацыя