У Берасці пройдзе «Міжнародны дзень без паперы»



Берасцейскія грамадскія арганізацыі «Час зямлі» і «Зялёны партал» актывізавалі дзейнасць у накірунку экалагічных праектаў. Цяпер  экаактывісты рыхтуюцца адзначыць «Міжнародны дзень без паперы».

Прадстаўнікі рэгіянальных прыродаахоўных і экалагічных арганізацый «са стажам», вітаюць падобныя памкненні, — адзначае біёлаг Юрый Бакур:

— У Беларусі ёсць яшчэ некалькі такіх маштабных грамадскіх арганізацый, больш за ўсё накіраваных на працу з людзьмі. Ёсць яшчэ Цэнтр экалагічных рашэнняў, які больш займаецца экалогіяй з гледзішча розных навуковых праектаў.

На першай з шэрагу акцый «Міжнароднага дня без паперы», экаактывісты збіралі макулатуру, а наўзамен выдавалі адмысловыя «купоны». Уладальнік «купона» зможа прыняць удзел у наступным мерапрыемстве з цыкла і гэтак далей. «Падобны падыход матывуе асобнага чалавека да ўдзелу ў максімальнай колькасці экаакцый», — зазначылі прадстаўнікі арганізацыі «Час зямлі».

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце