У Берасці сабраліся жанчыны з незалежных прафсаюзаў



Што рабіць у цяжкіх эканамічных варунках, каб мець магчымасць утрымаць сям’ю, ды як падняць рабочых на барацьбу за свае правы, — такімі пытаннямі займаліся на сустрэчы ў Берасці жанчыны Берасцейскага абласнога прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці і іх калегі жаночага аддзялення Незалежнага прафсаюза Наваполацкай рэгіянальнай арганізацыі.

Кажа Зінаіда Міхнюк, старшыня Берасцейскага абласнога прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці:

— Мы з Таццянай і тут яшчэ актывісты «Цветатрону» паўжыцця, найбольш маладыя гады аддалі гэтаму прадпрыемству. Нашыя калегі з «Нафтану», дык іхны завод хоць працуе. Я не кажу, што квітнее, бо ў нашай квітнеючай Беларусі ўсё працуе аднолькава. А наш — натуральна загінаецца.

 Касцюкова Таццяна:

— На сённяшні дзень працы на «Цветатроне» практычна няма, заробкі ніякія завод нават не ацяпляецца.

Удзельніцы сустрэчы прыйшлі да высновы, што іх цяперашні галоўны накірунак — правядзенне адукацыйнай працы сярод калектываў. Толькі тады сітуацыя зрушыцца да лепшага, калі рабочыя зразумеюць, што трэба яднацца ў незалежныя прафсаюзы, якія будуць бараніць іх інтарэсы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце