У Берасці судзяць удзельнікаў «маршаў недармаедаў» (абноўлена)



У Судзе Ленінскага раёна Берасця ад дзявятай раніцы сабралася два дзесяткі чалавек у чаканні працэсаў над удзельнікамі маршаў супраць дэкрэту «аб дармаедстве»: Андрэем Дзенюшкіным, Русланам Халікавым, Дзмітрыем Ляўчуком, Уладзімірам Асінчанкам і Коанстанцінам Копацем, а таксама народнымі рэпарцёрамі, блогерамі  Дзмітрыем Гарбуновым і Сяргеем Пятрухіным.

Стаў вядомы і першы вынік разгляду адміністрацыйных справаў – пра гэта паведамляе наш карэспандэнт  Мікола Ляшкевіч:

— Я знаходжуся каля кабінета намесніцы старшыні суда Ларысы Назаранка. За дзвярыма ўжо прайшлі працэсы над 2 анархістамі і адбываецца працэс над трэцім. На працэс не пускаюць нікога апроч бацькоў, але адразу у двух выпадках у бацькоў і маці затрыманых выдаляюць па невядома якіх прычынах: адну выдалілі за званок, другую за тое, што не ціха зайшла. Перад уваходам стаяць супрацоўнікі АМАП і нікога не пускаюць. З гэтай нагоды берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк ужо падаў скаргу. Дакладна асудзілі Руслана Халікава і Дзмітрыя Ляўчука.   

Таксама стала вядома, што асуджаны і Андрэй Дзенюшкін. Вядома, што яго прысудзілі да пяці сутак адміністрацыйнага арышту. Адзначым, што размова ідзе пра анархістаў, якіх мелі выпусціць з ізалятара яшчэ ў пятніцу, 10 сакавіка, аднак адразу ж іх абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і пакінулі пад вартай. Першае затрыманне адбылося пасля маршу недармаедаў у Берасці пятага сакавіка.

Усяго, па звестках праваабаронцаў, мусяць судзіць сем чалавек, двое з якіх – журналісты Сяргей Пятрухін і Дзмітрый Гарбуноў. Пасля гадзіны чакання, прадстаўнік Руху за Свабоду Андрэй Дзямчук спрабаваў даведацца ў старшыні суда Пятра Баброўскага, пра тое калі пачнуцца працэсы:

— Па ягоных словах гэта залежыць ад таго, калі затрыманых прывязуць з ізалятара і калі матэрыялы справы паступяць у суд. Ён будзе тады разглядаць. Хаця  у аддзеле ўнутраных спраў сказалі, што матэрыялы ўжо паступілі ў суд. На пытанне, ці яны сапраўды паступілі старшыня суда. Цалкам адмовіўся адказваць на пытанні і каментаваць сітуацыю.

Апроч журналістаў, судзіць будуць: Андрэя Дзенюшкіна, Руслана Халікава, Дзмітрыя Ляўчука, Уладзіміра Асінчанка і Канстанціна Копаця. За працэсамі будуць назіраць праваабаронцы і сваякі арыштаваных.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце