У Берасці – як мінімум восем засуджаных за марш недармаедаў



У Берасці прайшлі або пройдуць суды найменш над васьмю ўдзельнікамі маршаў “Мы – не дармаеды!”. Руслан Халікаў, Дзмітрый Ляўчук і Андрэй Дзенюшкін прысуджаныя да пяці сутак арышту за “дробнае хуліганства”, Канстанцін Копаць – да 15-ці за “удзел у масавым мерапрыемстве”. Траіх абвінавачаных ва ўдзеле ў маршы адпусцілі да суда, а яшчэ аднаму выпісалі штраф.

Сітуацыю каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Трое атрымалі па 5 сутак, адзін атрымаў ажно 15, два чалавекі, гэта нашыя вядомыя берасцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Зміцер Гарбуноў, былі адпушчаны да суду, які прызначаны на заўтра, далі ім час знайсці адваката, і яшчэ адзін быў адпушчаны да суду, які адбудзецца 17 сакавіка, але ў позве яму не напісалі па якім артыкуле яго прыцягваюць. Адзін з удзельнікаў маршу 26 лютага атрымаў штраф у памеры 10 базавых.

Падчас разгляду справаў, прадстаўнікі судоў, супрацоўнікі міліцыі і АМАПу перашкаджалі ахвотным трапіць на працэсы. Бацькоў, якім удалося прарвацца на іх, выдалялі з залі пасяджэння нібыта “за парушэнні”.

Таксама вядома, што Халікава, Ляўчука, Дзенюшкіна і Копаця адвезлі ў іншы горад, спаслаўшыся на адсутнасць месцаў у камерах”, – зазначыў праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя