У Берасці запрашае «Князь Вітаўт»



Пакуль для адных 1 траўня было выходным днём, для ўладальнікаў і прадаўца «Князя Вітаўта» гэтая дата стала кропкай адліку іх дзейнасці. Цяпер берасцейцам больш не трэба будзе ездзіць па нацыянальныя сувеніры ў Менск: самае галоўнае можна набыць на месцы.

Адкрыць краму з сапраўднымі беларускімі світшотамі, майкамі, сукенкамі ды посудам вырашыў Сяргей Бахун з сябрамі-аднадумцамі Алегам і Сяргеем.

«Я вырас і сфарміраваўся ў Берасці, удзячны гораду за тое, што я размаўляю па-беларуску. Але крыўдна, што нацыянальныя традыцыі тут амаль не падтрымліваюцца: няма беларускамоўных школ і гэтак далей. Прыязджаеш у Берасце і не разумееш, ці ты ў заходняй Беларусі, ці недзе яшчэ. Пахваліцца добрым выбарам сувеніраў для турыстаў ён таксама не мог: тут можна было ўбачыць нешта кітайскае, расейскае, але толькі не беларускае. Мы параіліся з сябрамі і амаль адразу вырашылі запоўніць гэты прабел», — распавёў «НН» Сяргей Бахун.

Не адкладаючы справу ў далёкую скрыню, хлопцы адразу заняліся зборам патрэбных дакументаў і выбарам месца. З апошнім пашанцавала: на папулярнай Савецкай вуліцы кропку вызвалялі іншыя прадпрымальнікі, якую зараз і будзе займаць каманда «Князя Вітаўта». Куды больш часу пайшло на тое, каб вызначыцца з назвай. Але, улічваючы, наколькі значнай гістарычнай асобай для гэтых мясцін быў Вітаўт (так, менавіта ён даў гораду Магдэбургскае права), у выніку ўсе сышліся на гэтым варыянце.

Крама будзе працаваць штодзённа з 10.00 да 20.00. Зараз там можна набыць адзенне ад такіх брэндаў, як «Гонар», «LSTR», Symbal.by, сувеніры вытворчасці Vitaem.by ды мясцовых рамеснікаў, аўтарскія заколкі ды ўпрыгожванні ад «Прыгожы анёлак». У будучыні бізнэсмены хочуць прадаваць у сябе і кніжкі.

nn.by