У Бягомлі пачаў працаваць Цэнтр дапамогі залежным “Светач”



Пазбавіцца ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці дапамогуць усім ахвотным у Цэнтры дапамогі залежным “Светач”. Цэнтр месціцца ў пасёлку Бягомль, што ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці. Ён нядаўна распачаў сваю дзейнасць у будынку касцёла і ўжо прыняў першых сваіх кліентаў.

Кажа кіраўнік цэнтру Уладзімір Шчэпін:

– На сённяшні дзень мы можам прымаць 10 чалавек – як мужчын, так і жанчын. Адзін пакой на 4 чалавекі – для жанчын, і два пакоі па 3 чалавекі – для мужчын. У Цэнтр можа трапіць любы чалавек, не звяртаючы ўвагу на яго веравызнанне, грамадзянства. Гэта могуць быць людзі з блізкага і далёкага замежжа. Адзіная ўмова – жаданне нешта зрабіць са сваёй хваробай.

У цэнтры “Светач” з залежнымі  на алкаголь людзьмі працуюць тыя спецыялісты, якія самі прайшлі праз залежнасць, і ведаюць гэтую праблему не павярхоўна. Акрамя таго, Цэнтр дадаткова прапануе ўжо вядомую праграму “12 крокаў ананімных алкаголікаў”.

Беларускае Радыё Рацыя