Як не трапіць у сузалежнасць ад алкаголю



Пра залежнасць і сузалежнасць размаўлялі падчас семінару ў Бягомльскім Цэнтры дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач”. Туды з’ехаліся зацікаўленыя ў гэтай тэматыцы людзі з шасці раёнаў Віцебскай вобласці. Паводле кіраўніка Цэнтра “Светач” Уладзіміра Шчэпіна, людзі мала ведаюць пра сузалежнасць, а яна лічыцца нават горшай хваробай за алкагольную і наркатычную залежнасць:

— Мы прыйшлі да таго, што неабходна працаваць і даваць інфармацыю не толькі з людзьмі, якія ўжо залежныя і пакутуюць на алкагольную залежнасць. А яшчэ паспрабаваць працаваць з тымі людзьмі, якія жывуць побач з алкаголікамі і часам сузалежнаму чалавеку здаецца, што ён хоча дапамагчы і ён спрабуе нешта рабіць, а на самой справе прыносіць толькі шкоду і не дае магчымасці выздараўліваць. Калі мы гэта паказваем, у чалавека адкрываюцца вочы. Ён можа задумацца: «А сапраўды, як трэба сябе паводзіць? Ці трэба мне дзеля яго пакутаваць?» 

Семінар пачаўся з імшы ў мясцовым касцёле, дзе маліліся за залежных людзей і за цвярозасць. Потым адбыліся лекцыі, дыскусіі і групавыя псіхалагічныя трэнінгі.

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара