У Бярозаўскім раёне прайшоў “Марш міру”



У Бярозаўскім раёне прайшла традыцыйная акцыя “Марш міру”, прысвечаная 22 чэрвеня – пачатку Вялікай Айчыннай вайны паводле савецкай гісторыі. Такія акцыі ўжо шмат гадоў арганізоўвае  Бярозаўскі раённы фонд міру сумесна з дзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі.  У праграме акцыі – наведванні магіл загінулых у Бярозаўскім раёне кожны год на іншай тэрыторыі.

IMG_4790

Сёлета акцыя пачалася мітынгам каля помнікаў расстраляным у гады вайны у Бярозе. Скончылася мерапрыемства на тэрыторыі Сакалоўскага  сельвыканкама. Пропаведзь і паніхіду па загінулых адслужыў праваслаўны святар Георгій Шаўцоў:

– Мы не мусім забывацца тых, хто падарыў нам гэтую перамогу. І за іх мы павінны маліцца. Няхай Гасподзь Бог усім ім за подзвіг веры даруе Нябеснае валадарства і вечны блажэнны спачын.

Але не ўсе беларусы згодны з гэтай датай, як з пачаткам вайны. Яны лічаць, што вайна для заходніх беларусаў пачалася, як і для ўсяго свету, 1 верасня 1939 года:

– Берасцейскую крэпасць бараніў польскі гарнізон, і былі ахвяры і сярод беларусаў, і сярод палякаў. У нас толькі Айчынная вайна, а куды дзець гэтыя ахвяры, тых, хто быў забіты да 22 чэрвеня?

Надыдуць часы, калі запануе гістарычная праўда. Падчас Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці беларус. Беларусам ёсць каго ўспамінаць, кажуць людзі.

Беларускае Радыё Рацыя, Бярозаўскі раён

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.