У Бярозе адкрылі новы помнік-самалёт МіГ-21



Ён усталяваны ля Паўночнага гарадка, дзе пражывае шмат адстаўнікоў-ваенных, на месцы ўзарванага савецкай уладай прыгожага касцёла. На адкрыцці новага помніка акрамя вучняў сабралася шмат ваенных-адстаўнікоў, іх сужонак. Усе яны радаваліся і ганарыліся, што агромністая крылатая машына заняла месца на ўзвышэнні. Пад гучную расейскую папсу ўдзельнікі мерапрыемства фатаграфаваліся, вялі ажыўленыя размовы.

«Гэты помнік — даніна адной з лепшых і любімых лётчыкамі крылатых машын», — кажа былы афіцэр 927-га знішчальна-авіяцыйнага палка, які размяшчаўся ў Бярозе, Васіль Кузьмін:

— Я рады таму, што легенда савецкай беларускай авіяцыі знайшла ганаровае месца і ў нашым горадзе. Гэта адзін з найбольшых улюбёнцаў авіяцыі «МіГ-21». Я шчаслівы. На іх лётчыкі нашага гарнізону праходзілі навучанне і выконвалі баявую работу.

Гэта не першая ваенная тэхніка, усталяваная ў Бярозе ў выглядзе помніка. У старым парку, які цяпер лічыцца паркам воінаў-інтэрнацыяналістаў, ля царквы архангела Міхаіла, цэлы арсенал з ваеннай тэхнікай. Пры ўездзе ў Бярозу ўстаноўлены помнік-самалёт загінуўшым у першыя дні вайны лётчыкам.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза