У Бярозе Аляксандра Кабанава пакаралі 5 суткамі арышту



Каардынатара “Марша недармаедаў” у Берасці Аляксандра Кабанава суддзя суда Бярозаўскага раёна Наталля Вакульчык пакарала 5 суткамі арышту за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства. Разглядаліся адначасова 3 пратаколы: неяўка ў міліцыю па позве, нецензурная лаянка і прыставанне да мінакоў. Але, як высветлілася ў судзе, гэтым праходжым быў сам правакатар Сяргей Сычык. Ён у суд не з’явіўся. Паводле паказанняў міліцыянтаў, лаяўся больш Сычык.

Кабанаў папярэджваў міліцыю, што не можа з’явіцца ў гэты дзень да іх, кажа Алесь Мех, які прысутнічаў у судзе:

– Пяць сутак ён атрымаў толькі за тое, каб не прысутнічаў зноў на акцыях пратэсту. Што тычыцца паводзінаў міліцыянтаў, яны не гаварылі ўсю праўду, як што па-сапраўднаму было. Калі б яны казалі праўду, дык суддзя была вымушана завесці справу на тых, хто гэтую правакацыю спрабаваў зладзіць.

Аляксандра Кабанава забралі адразу ў зале суда.

Падтрымаць Аляксандра Кабанава прыехала каля 30 чалавек з розных гарадоў вобласці: Берасця, Кобрына, Бярозы, Баранавіч, а таксама  Анатоль Лябедзька з Менску.  

Беларускае Радыё Рацыя

 ***

Суд Бярозаўскага раёну 9 сакавіка разгледзеў тры адміністрацыйныя справы супраць Аляксандра Кабанава, які браў удзел у маршы «недарамедаў» у Берасці. Дзве справы, за нез’яўленьне ў РАУС і за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі, суд адхіліў. Аляксандра пакаралі пяццю суткамі арышту за хуліганства і брыдкаслоўе, паводле трэцяга пратаколу.

У залі суду Аляксандра Кабанава ўзялі пад варту пад вокліч прысутных «Ганьба!».

Суд над Аляксандрам Кабанавым раптоўна перанесьлі з 16 на 15 гадзіну. Прычынаю таму стала тое, што ў дачыненні да Аляксандра Кабанава былі складзеныя не два, а тры пратаколы за адміністрацыйнае парушэнне. Таму яшчэ раніцай суддзя патэлефанавала актывісту і прапанавала разгледзець тры справы адразу, але ў такім выпадку яму трэба з’явіцца ў суд на гадзіну раней.

Падтрымаць Аляксандра Кабанава прыехалі больш за трыццаць чалавек. З Менску на судовае паседжанне прыехаў старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Суддзя агучыла, што Аляксандр Кабанаў брыдкасловіў, несвоечасова з’явіўся паводле позвы ў РАУС. Трэці пратакол складзены за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў — маўляў, з гукаўзмацняльнікам абражаў уладу і ў тым ліку кіраўніка краіны. Размова ідзе пра «Марш недармаедаў» 26 лютага.

На пачатку працэсу Аляксандар заявіў хадайніцтва, каб перааформіць пратаколы, вярнуць матэрыялы на дапрацоўку міліцыянтам.

Суддзя падчас паседжання рабіла некалькі перапынкаў, падчас якіх выходзіла з залі. Пасля вяртання яна адхіліла хадайніцтва.

Аляксандар Кабанаў заявіў у судзе, што прасіў міліцыянтаў выпісаць позву на іншы час, але яны адмовілі — нават пасля таго, як ён паказаў ім білеты на цягнік.

Паводле актывіста, ён размаўляў з міліцыянтамі і казаў ім, што па прыездзе дадому з’явіцца ў РАУС. Міліцыянты нібыта пагадзіліся з гэтым. Яны пацвердзілі гэтыя словы, таксама засведчылі, што ўзгаднялі праз тэлефон з Аляксандрам новы час, калі ён мусіў прыйсці ў РАУС.

Што да пратаколу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, Аляксандр Кабанаў патлумачыў, што 26 лютага сапраўды быў у Берасці і падчас шпацыру ўбачыў мітынг. Аляксандр не лічыць сябе арганізатарам акцыі. У звароце праз гукаўзмацняльнік да мітынгоўцаў ён расказаў, колькі сабраў подпісаў за адмену дэкрэту № 3, а таксама пра мірны характар акцыі.

Наконт трэцяга пратаколу Аляксандр Кабанаў засведчыў, што ранкам 2 сакавіка выйшаў на вуліцу закурыць. У двары ён пабачыў чалавека, які а палове на сёмую ўжываў у двары піва. Са словаў актывіста, ён зразумеў, што гэта правакатар, бо гэты чалавек чапляўся, прасіў цыгарэту і грошы. А пасля гэтага пачаў абражаць актывіста. Актывіст звярнуўся да супрацоўнікаў ДАІ, якія былі побач. Але тыя абвінавацілі Аляксандра ў тым, што ён выйшаў на праезную частку.

Праз некаторы час пасля гэтага Аляксандра Кабанава і правакатара забралі міліцыянты. У РАУСе ад актывіста патрабавалі даць тлумачэнні наконт знаходжання на праезнай частцы. Але ў складзеным пазней міліцыянтамі пратаколе аказалася, што Аляксандр Кабанаў брыдкасловіў і паводзіў сябе агрэсіўна ў дачыненні да той асобы, якая прасіла ў яго грошы і цыгарэты. Адпаведна, была заява ад жыхара Бярозы, які палічыў сябе ў гэтай сітуацыі абражаным.

svaboda.org