У дачыненні да Паўла Вінаградава пачаты адміністрацыйны працэс



Сталічная міліцыя склала ў дачыненні да актывіста маладзёжнай ініцыятывы „Zмена” Паўла Вінаградава адміністрацыйныя пратаколы ў сувязі з несанкцыянаванай акцыяй ў Менску і абразай службовай асобы.

Павел Вінаградаў

Адміністрацыйны працэс пачаты 1 ліпеня, калі Вінаградаў, які знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам, з’явіўся адзначыцца ў Маскоўскае РУУС сталіцы.

Прычынай адміністрацыйнага пераследу стала акцыя, якую „Zмена” правяла ў Менску 26 чэрвеня. На мосце перад уездам у горад з брэсцкай трасы была вывешаная гірлянда з 20 бел-чырвона-белых сцягоў, а на прыпынках па вуліцы Уманская каля ГЦ „Глоба” і на прыпынку па вуліцы Раманаўская Слабада — сцягі і плакаты з выявай Вінаградава, які паказвае сярэдні палец, і надпісам „Дзякуй за нагляд”. Такім чынам „Zмена” адрэагавала на тое, што 7 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Менска ўсталяваў над Вінаградавым паўгадавы прэвентыўны нагляд.

Пасля гэтага актывіст у каментарыі тэлеканалу „Белсат” заявіў, што мэтай акцыі было „перадаць прывітанне ўсім тым грамадзянам, якія захацелі ўстанавіць нагляд на паўгода, калі тэрмін судзімасці заставаўся тры з паловай месяца”. „Дык вось, я перадаю прывітанне таму, хто прыдумаў ўсталяваць нада мной нагляд, таму, хто яго ўстанавіў, а менавіта крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РУУС і суддзі Сушко з Маскоўскага суда”, — сказаў Вінаградаў, гледзячы ў камеру і выставіўшы сярэднія пальцы на абедзвюх руках.

Раніцай 1 ліпеня апазіцыйны актывіст прыйшоў адзначацца ў Маскоўскае РУУС сталіцы з торбай з рэчамі, мяркуючы, што яго могуць адразу ж адправіць у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў за праведзеную акцыю. Аднак гэтага не адбылося.

„Я ўжо на вуліцы і магу размаўляць па тэлефоне, а гэта значыць, што мяне не садзяць, пакуль не садзяць і, хутчэй за ўсё, не будуць, — паведаміў Вінаградаў БелаПАН. — На мяне складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы — адзін з іх на падставе артыкула 23.34 КаАП за незаконнае пікетаванне, яшчэ адзін — на падставе артыкула 23.5 за абразу”.

„Абурыўся намеснік начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна Мінска грамадзянін Юрый Федзюковіч. Абурыўся, уласна, за відэа, у якім я перадаваў прывітанні. Як прывітанне перадаваў, я памятаю, як абражаў — не памятаю”, — дадаў актывіст.

Паводле слоў Вінаградава, суд па яго адміністрацыйных справах можа адбыцца на наступным тыдні.

belapan.by