У драгічынскай лякарні пасля ўколу памёр 8-гадовы хлопчык



Упраўленне Следчага камітэту па Берасцейскай вобласці высвятляе акалічнасці смерці васьмігадовага хлопчыка ў Драгічынскай раённай бальніцы.

У каментары БЕЛТА афіцыйная прадстаўніца УСК Марына Дранькова паведаміла, што трагедыя адбылася 12 кастрычніка.

У гэты дзень маці забрала сына-першакласніка са школы, каб паказаць доктару. Хлопчык скардзіўся на боль у вуху, і яго паклалі ў шпіталь. Увечары дзіцяці зрабілі ўкол. Неўзабаве пасля гэтага яму стала кепска: хлопчыка пачало ванітаваць, і ён страціў прытомнасць. Лекары спрабавалі выратаваць дзіця, але гэта ім не ўдалося.

Следчыя высвятляюць, ці ёсць сувязь паміж уколам і гібеллю школьніка. Па гэтым факце пачалі крымінальную справу паводле арт. 162 Крымінальнага кодэкса: за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медычным работнікам.