У Дзятлаве адбыліся гарадзенскія абласныя “Дажынкі-2015”



З самай раніцы дзятлаўчане і госці Дзятлава вельмі хваляваліся, каб толькі не было дажджу. І надвор’е ім спрыяла. Тысячы людзей з усёй Гарадзенскай вобласці з’ехаліся ў гэты невялікі і прыгожы горад на Гарадзенскі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі—2015”.

З самай раніцы ў цэнтры Дзятлава гучалі музыка і песні, актыўна працавалі святочная выставачна-гандлёвая экспазіцыя “Дзятлаўская гасціная”, выстава-прэзентацыя прамысловага патэнцыялу прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна, выстава тэматычных падворкаў раёнаў Гарадзенскай вобласці “Якія мы гаспадары, такія нашы і двары”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Найбольш моладзі было там, дзе праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы а таксама на канцэртах і ў “Дзіцячым гарадку”.

У гэты дзень на абласных дажынках уручаліся прэміі пераможцам спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2015 года, быў святочны фейерверк і канцэрт поп-фольк групы “Беларускі гасцінец”.

Да дажынак у Дзятлаве былі выпушчаны прыгожыя беларускамоўныя канверт і паштоўкі з выявамі сучаснага Дзятлава. А прыгожыя дзяўчаты на гэтых канвертах і паштоўках ставілі спецыяльную пячатку дзятлаўскіх дажынак.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава.

Фота аўтара.