У Дзятлаве аднаўляюць райвыканкам, а не палац



У Дзятлаве 13 лістапада адбудуцца гарадзенскія абласныя “Дажынкі-2015”. Штотыдзень там бываюць абласныя чыноўнікі, якія кантралююць ход будаўніцтва і рэканструкцый будынкаў у цэнтры Дзятлава, каб паспець усё зрабіць да дажынак.

Працы яшчэ шмат, але яна кіпіць на розных аб’ектах Дзятлава. І ўсе хвалююцца, каб у тэрмін здаць аб’екты, а іх даволі шмат: будынак раённага Дома культуры, мост на вуліцы Міцкевіча, гасцініца “Ліпічанка”, інтэрнат і група жылых дамоў па вуліцы Савецкай, вуліца Фрунзэ, аб’екты гандлю, грамадскага харчавання і адміністрацыйныя будынкі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і іншыя. Вялікая ўвага надаецца таксама стану пад’язных дарог да Дзятлава і вуліц горада. Падрадчыкі запэўніваюць дзятлаўчан, што ўсе будаўнічыя работы да дажынак будуць выкананы своечасова. У Дзятлаве нават створаны аператыўны штаб, які будзе збіраецца ў Дзятлаве двойчы на тыдзень і суправаджацца інспекцыяй ходу будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў на Дзятлаўшчыне.

Многія гараджане задаволены, што іх гарадок папрыгажэе, памаладзее і пачысцее. Адзінае, што хвалюе мясцовых жыхароў, дык гэта тое, што найбольш грошай пайшло на рэканструкцыю будынка райвыканкама.

“Няўжо чыноўнікам там месца мала было, што зрабілі такую прыбудову да райвыканкама, палац атрымаўся, а не райвыканкам. Вось куды грошыкі пайшлі”, –  кажуць дзятлаўчане.

Сапраўды, будынак райвыканкама вылучаецца сваёй грандыёзнай па маштабах Дзятлава будоўляй. Хаця палац-прыгажун у Дзятлаве ёсць. Гэта палац Радзівілаў. Але яго чыноўнікі не чапаюць, абыйшлі бокам.  Здалёк на адным з вокнаў палаца віднеецца паперка, на якой напісана, што палац прадаецца і ўказаны нумар тэлефона.

У цяперашні час будынак належыць Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, у ім з 1938-га і амаль да 2010 года знаходзілася гарадская стаматалогія. Палац уяўляе сабой двухпавярховы цагляны будынак агульнай плошчай больш за 1,5 тыс. квадратных метраў, мае ўсе інжынерныя камунікацыі. Ён з’яўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі, таму інвестару прапануюць набыць будынак на ўмовах падпісання ахоўных абавязкаў. Акрамя таго, інвестар будзе абавязаны выканаць рамонт фасада і даху палаца.

Пытаюся ў дзятлаўчан, а колькі каштуе палац Радзівілаў. “Пачатковы кош быў каля двух мільярдаў беларускіх рублёў, але ніхто не хоча купляць”, – кажуць жыхары Дзятлава. Таму сёння абласныя дажынкі мінулі славуты палац Радзівілаў у Дзятлаве.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара