У гарадзенскіх пенсіянераў забяруць участкі



Больш за сто жыхароў Гародні не пагаджаюцца з рашэннем мясцовых уладаў, якія маюць намер канфіскаваць у іх зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў мікрараёне Фолюш непадалёк ад ракі Ласасянкі. Зямля выкарыстоўваецца ў асноўным людзьмі пенсійнага ўзросту без адпаведных дакументаў. Сорак гадоў мясцовыя чыноўнікі не выяўлялі інтарэсу да самавольна занятых участкаў, а цяпер папярэдзілі, што гэты сезон — апошні.

Адна з галоўных прычын самавольнага захопу зямельных участкаў — недахоп фінансавых сродкаў, якія маглі б забяспечыць паўнавартаснае існаванне:

— Пенсія два сто шэсцьдзесят, а я трыццаць гадоў прапрацавала ў медыцыне. Дык як я магу выжыць? Я вось цыбульку пасадзіла, часнок, вось радыска неўзабаве ўзыдзе. Шчаўе прыйшлі нарвалі і ўжо зварым халаднік. Калі ў нас гэта забяруць, дык я лічу, што забяруць наша здароўе.

— Такі час, што пэўна нікуды і не папрэш, але шкада, што гэта прыбяруць.

Калі ўлада народная і абраная народам, дык я на заўсёды павінна быць зацікаўлена ў тым, каб спытаць у народа. Ува мне жыве пачуццё страху, яшчэ з далёкіх сталінскіх часоў і да сёння.

На месцы самавольна захопленых участкаў улады Гародні маюць намер пабудаваць зону актыўнага адпачынку. Аднак, адсутнасць бюджэтных грошай — галоўная перашкода ажыццяўлення такой ідэі, што вымушае шукаць замежных інвестараў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня