У Гарадзенскім заапарку акальцавалі буслянят



У Гарадзенскім заапарку прайшла працэдура кальцавання буслянятаў, якія выраслі ад пары пацярпелых буслоў. Заапарк прымае толькі такіх птушак, якія маюць статус пацярпелых. У час кальцавання актывістам Арганізацыі „Ахова Птушак Бацькаўшчыны” Змітром Вінчэўскім адзін з буслянатаў дзяўбнуў у мікрафон нашага радыё.

– Буслы могуць жыць даволі доўга. Ёсць выпадкі з Заходняй Еўропы, дзе зафіксавана 30 і больш гадоў. То бок вялікія птушкі могуць жыць доўга. Самы адказны момант у жыцці – гэта першы год. Асабліва для тых птушак, якія мігруюць далёка.  Гэтыя кольцы пластыкавыя. Для буслоў яны выкарыстоўваюцца ў нас трэці год. Каля 400 птушак імі пазначана. І ўжо ёсць вяртанне такіх пластыкавых кольцаў. Адно прыйшло з Паўднёвай Афрыкі, там, на жаль, загінула наша птушка. Другое – з Егіпта. І адно – з Літвы.

Металічныя кольцы выкарыстоўваюць для птушак больш як сто гадоў. Першы раз – у Даніі ў 1899 годзе. Акальцавана такімі кольцамі каля двух мільёнаў птушак. А пластыкавымі кольцамі пачалі кальцаваць толькі некалькі гадоў таму. Ужо увосень акальцаваныя гарадзенскія бусляняты атрымаюць шанец пачаць міграцыю.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя