У Гародні абмяркоўваюць праблемы старэння грамадства



У Гародні адбываецца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Паляпшэнне якасьці жыцця сталых людзей: на шляху да распрацоўкі дзеянняў па пытаннях старэння”.

kanferencyja

Каля ста экспертаў з сямі краін свету сабраліся дзеля таго, каб абмеркаваць праблематыку старэння грамадства і выпрацаваць шляхі рэфармавання сістэмы сацыяльнай абароны людзей, якія перакрочылі рысу пенсійнага ўзросту. Па падліках адмыслоўцаў, да 2030 года каля 30% насельніцтва Беларусі будзе знаходзіцца ў пенсійным узросце. Як зазначае адзін з арганізатараў канферэнцыі, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Цэнтр трэці сектар” Вітаўт Руднік, пытанні старэння набываюць у краіне ўсё большую актуальнасьць:

– Існуе сур’ёзная дэмаграфічная нагрузка на грамадства, на сацыяльную сістэму, медыцыну. Сталыя людзі ўсё больш і больш становяцца групай рызыкі. Таму што часта на старасці гадоў застаюцца самотнымі, пенсія жадае быць больш высокага узроўню, медыцынскае абслугоўванне і сацыяльныя паслугі не заўсёды даступныя і якасныя. Таму мы сабралі тут людзей, каб яны маглі падзяліцца досьведам, а таксама выказаць меркаванне адносна таго, што ў першую чаргу трэба рабіць, каб якасць жыцця сталых людзей у Беларусі стала лепшай.

Па выніках працы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Паляпшэнне якасьці жыцця сталых людзей: на шляху да распрацоўкі дзеянняў па пытаннях старэння” будзе прынята адмысловая рэзалюцыя. Дакумент заклікае прыняць план дзеянняў па праблематыцы старэння як на нацыянальным, так і на рэгіянальных узроўнях.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня