У Гародні адбудзецца адукацыйны праект «BrainHUB»



1-2 красавіка ў Гародні  пройдзе адукацыйны каворкінг праект «BrainHUB». Тэмы двухдзённых сустрэчаў: моладзевае прадпрымальніцтва і бізнэс-ініцыятывы, лакальныя супольнасці; стварэнне і рэалізацыя грамадскіх, культурных і сацыяльных праектаў; праца і прасоўванне ў сацыяльных медыя.

Пра будучае мерапрыемства распавядае адзін з арганізатараў гарадзенскі журналіст Аляксей Шота:

– Адмыслова прыедуць эксперты з Менска. Гэтым разам яны будуць больш высокага роўню, на маю думку, будуць вядомыя асобы, якія дасягнулі посьпеху ў сваіх праектах. Ёсць 20 месцаў. На дадзены момант можна сказаць, што ёсць конкурс, ужо больш людзей, чым месцаў. Гэта паказвае, што гарадзенцам цікава атрымаць такі ўнікальны бясплатны досьвед.

У папярэднім падобным праекце прымалі ўдзел ужо вядомыя ў Гародні цэнтры “Цудоўня” і “Партал”, а гэтым разам арганізатары чакаюць новых удзельнікаў. Мерапрыемства пройдзе на базе “Цэнтра дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”.

Беларускае Радыё Рацыя