У Гародні адбыўся дабрачынны аўкцыён у Дзень маці



Першы дабрачынны аўцыён, на якім можна было набыць творы гарадзенскіх мастакоў, адбыўся ў Дзень маці ў Гарадзенскай галерэі “У Майстра”.

auk789На аўкцыёне былі выстаўлены больш за дзясятак твораў гарадзенскіх мастакоў. Стартавыя кошты вагаліся ад 800 тысяч і міл’ёна беларускіх рублёў, а прадаваліся па 2,5- 3 міл’ёны рублёў. Усе грошы ад продажу твораў мастацтва ішлі ў дапамогу гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу. Апроч карцінаў на аўкцыёне адбывалася выстава здымкаў, і кожны жадаюцы мог паўдзельнічаць у невялікай бязпройгрышнай латарэі.

Пра ідэю мерапрыемства распавядае дырэктар гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга:

– Мы хацелі паказаць, як важна для людзей, у які ёсць абмежаванні, адчуваць падтрымку грамадства. Таму мы сумесна з гарадзенскім фатографам Яўгенам Бузуком зладзілі выставу фотапартрэтаў матуль, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Мы хацелі паказаць, што быць матуляй можна па-рознаму.

Па словах Вольгі Шульгі, за час акцыі гарадзенскі хоспіс атрымаў суму троху большую за 13 мільёнаў рублёў і яшчэ частка грошай будзе пералічана па безнаяўным разліку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня