У Гародні адбыўся турыстычны фестываль „Самаход”



У Гародні прайшоў фэст для аматараў танных і разнастайных вандровак па свеце. Яго назва “Самаход”. У гэтым фэсце мабільнасці ўдзельнікі былі азнаёмлены з усімі відамі вандраванняў. Вандроўнікі з вопытам распавялі пра хітрыкі, якімі яны самі карыстаюцца, каб вандроўка была сапраўды не дарагая. „Адзіная праблема для беларусаў застаецца візавая сістэма,” -кажа Аляксандар Быстрык, прадстаўнік кампаніі “У Беларусь і Еўропу без візы!”.

– Агульная мэта нашай кампаніі – гэта адмова ад віз. Мы лічым, што візы састарэлі, яны не павінны быць на Еўрапейскім кантыненце. Зразумела, што гэта тэма складаная, таму мы прапагандуем нашыя ідэі вось такімі фестывалямі. Фестывалямі мабільнасці, фестывалямі бюджэтных вандровак, каб людзі больш выязджалі, каб людзі больш бачылі, каб мелі шырэйшы досвед. І мы хочам дасягнуць гэтага.

У Беларусі цяпер існуе шмат ініцыятываў, якія адкрываюць чалавеку і без дапамогі тураператараў магчымасць насалоджвацца прыродай замежжа за невялікі кошт. Асабліва сярод студэнства. Як паведаміў Аляксандр Быстрык, адмысловы сайт кампаніі “У Беларусь і Еўропу без візы” дае шмат карыснай інфармацыі пра падарожжы. Таксама – пра магчымасць паспрыяць хутчэйшаму спрашчэнню ўладамі ў Беларусі візавых перашкодаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя